Каса смерці. Якая эпідэмія забіла найбольш людзей у гісторыі?


Станам на поўнач 28 студзеня ад новага каронавірусу ў Кітаі памерлі 106 чалавек, паведаміў Дзяржаўны камітэт у пытаннях аховы здароўя. Колькасць інфікаваных вырасла да 4515 чалавек. Шмат якія краіны свету плануюць эвакуяваць сваіх дыпламатаў і грамадзянаў з раёнаў Кітаю, дзе заўважаная хвароба.

Пакуль невядома, наколькі шырока распаўсюдзіцца хвароба па планеце, колькі людзей будуць яе ахвярамі. Але давайце прыгадаем самыя жахлівыя эпідэміі нашай гісторыі, каб зразумець, што пакуль накрывацца прасцінай і паўзці на могілкі яшчэ ранавата – чалавецтва перажывала і значна горшыя часы.

Hавiны
Сі Цзіньпін: Распаўсюд каронавірусу паскараецца, сітуацыя цяжкая
2020.01.26 07:46

Эпідэмія, якая забіла сама сябе

Падчас Пелапанескай вайны паміж старажытнагрэцкімі гарадамі-дзяржавамі, у 430 годзе да Раства Хрыста, пачалася так званая Афінская чума. Пошасць забівала людзей тысячамі чатыры гады – пішуць, што загінула чвэрць афінскіх войскаў і чвэрць насельніцтва. Памёр і найбольш здольны дзяржаўны дзеяч і военачальнік Афінаў – знакаміты Перыкл. У выніку Афіны рэзка аслаблі і прайгралі вайну Спарце.

Пры гэтым сама лятальнасць эпідэміі была такой, што замінала яе распаўсюду – людзі паміралі часта хутчэй, чым паспявалі перадаць заразу іншым.

Эпідэмія, якая працягвалася 200 год

За сумнае першынства сярод найбольш лятальных эпідэмій можа пазмагацца так званая Чума імператара Юстыніяна – гэта першы запісаны выпадак з’яўлення бубоннай чумы. Яна пачалася ў Егіпце ў 541 годзе нашай эры і ў наступным годзе дасягнула Канстанцінопаля і Еўропы. У сталіцы Візантыйскай імперыі тады жыло каля 500 000 чалавек.

Змрочная фігура чумнага доктара. У «дзюбу» маскі клалі араматычныя травы, каб абараніцца ад непрыемнага паху. Рымская гравюра XVII ст.

Згодна з паведамленнем візантыйскага храніста, на піку хваробы ў Канстанцінопалі памірала да 10 000 чалавек кожны дзень. Хвароба распаўсюдзілася на вялізарных тэрыторыях Афрыкі, Еўропы і Азіі, дзесьці спынялася, дзесьці зноў пашыралася. Гэткім чынам эпідэмія праіснавала, то суцяшаючыся, то актывізуючыся прыкладна да 750 года. Па меркаваннях гісторыкаў, яна забіла за 200 год ад чвэрці да паловы людзей, якія жылі ў вядомым тады свеце, а насельніцтва толькі адной Еўропы знізілася прыкладна ў 2 разы.

Чорная Смерць

Хіба што найбольш вядомая эпідэмія, якая стварыла большасць еўрапейскіх культурных стэрэатыпаў пра эпідэмічныя хваробы і той жах, якія яны нясуць. Чорная Смерць была з вялікай верагоднасцю спалучэннем распаўсюду адразу трох формаў чумы – бубоннай, септычнай і лёгачнай.

Лічыцца, што хвароба прыйшла з Азіі, дзе ў той час адбываліся змены клімату. Хвароба магла прыйсці на наш кантынент з мангольскімі войскамі ці гандлярамі, што ішлі Вялікім шоўкавым шляхам. Яе таксама звязваюць з мангольскай аблогай гораду Кафа (зараз – Феадосія) у Крыме, які абаранялі генуэзцы. З абложанага гораду праз генуэзскія караблі хвароба магла трапіць у Італію. Так ці інакш яна апанавала ў 1347-1351 гадах усю Еўропу. Да тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага чума дайшла ў 1350 годзе і амаль цалкам вынішчыла Смаленск.

«Танец смерці» – алегорыя часовасці чалавечага існавання, якая стала папулярная ў Еўропе пасля Чорнай Смерці. Ілюстрацыя з Нюрнбергскай хронікі

У выніку толькі за некалькі год загінула 20-30 мільёнаў еўрапейцаў – траціна агульнага насельніцтва кантынента, загінула палова насельніцтва Парыжа, больш за палову жыхароў Фларэнцыі, Лондану, Гамбургу, Брэмена. Усе войны еўрапейскага Сярэднявечча разам узятыя і блізка не забілі столькі людзей за 1000 год, як гэта зрабіла Чорная Смерць у Еўропе менш за 10 год. Па ўсёй Еўразіі маглі загінуць да 200 мільёнаў чалавек.

Асабліва моцна Чорная Смерць ударыла па дактарах, святарах і манаству – людзях, якія больш за ўсё апекаваліся хворымі і кантактавалі з імі. Вялізарная колькасць ахвяраў прывяла да таго, што шмат дзе закон перастаў дзейнічаць, людзі гублялі маральныя арыенціры, гублялі сэнс існавання, рабіліся ахвярамі злачыннасці, забабонаў, масавай істэрыі і нянавісці.

Выкліканыя эпідэміяй пагромы ў шматлікіх гарадах Заходняй Еўропы прывялі да міграцыі жыдоўскага насельніцтва ў Польшчу і Вялікае княства Літоўскае, дзе стаўленне да яго было больш мяккім.

Грып, проста грып

У апошні год Першай сусветнай вайны ўсю планету ахапіла эпідэмія «іспанкі» – адной з формаў грыпу. Распаўсюду эпідэміі дапамаглі масавыя перавозкі жаўнераў, цесната і слабасць санітарнага забеспячэння, арганізмы людзей былі аслабленыя стрэсам ад удзелу ў баявых дзеяннях, хваляваннем за сваіх блізкіх і дрэнным харчаваннем.

Імправізаваны шпіталь для жаўнераў хворых грыпам у ЗША ў 1918 годзе. Крыніца: Нацыянальны музей здароўя і медыцыны

Іспанкай грып назвалі па той прычыне, што менавіта ў гэтай неваюючай тады краіне прэса найбольш свабодна (у адрозненне ад цэнзураванай прэсы ваюючых дзяржаў) пісала пра хваробу, хоць людзі хутчэй за ўсё ўжо хварэлі і паміралі ўжо шмат дзе.

Эпідэмія працягвалася да 1920 года і забіла 50-100 мільёнаў чалавек з 500 мільёнаў інфікаваных. Такім чынам, эпідэмія за 2 гады забіла больш людзей, чым Першая сусветная вайна, якая цягнулася з 1914 па 1918 год.

Belsat.eu

Стужка навінаў