«Заслаўе палае, тут усе такія». Мужчына 10 дзён даводзіў дактарам, што мае каронавірус


Жыхар Заслаўя Барыс (імя змененае на просьбу героя) хварэе на COVID-19 з канца траўня. Мужчыну адмовілі ў тэсце і КТ, а ў лістку непрацаздольнасці ўжо месяц не ставяць дыягназу. Услед за Барысам захварэла і ягоная жонка Яўгенія (імя змененае на просьбу суразмоўцы). Яна правяла дзясяткі гадзінаў у чэргах да доктара, каб дабіцца рэцэпту на антыбіётык.

Жыхары Заслаўя Барыс і Яўгенія на працы ўвесь час кантактуюць з людзьмі: ён працуе на рынку, жонка – у краме. Сужэнства ўжывае ў публічных месцах маскі і пальчаткі, але, паводле герояў, яны разумелі, што рана ці позна захварэюць. У 14-асабовым калектыве Барыса заразіліся 12 чалавек. Частка лячылася ўдома, хтосьці трапіў у шпіталь. 10 дзён мужчына хадзіў па дактарах, даказваючы, што хворы. Рэнтген паказаў чыстыя лёгкія, праз гэта Барысу адмовілі ў КТ. Выдалі антыбіётык, запісалі ВРІ і скіравалі дадому. Ад лекаў беларускай вытворчасці ў мужчыны пачаліся праблемы са страўнікам.

«Мы выпрасілі іншыя лекі, але іх нідзе не было. Сябру давялося ехаць пад Дзяржынск, а гэта 40 кіламетраў ад Заслаўя. Я паведаміў дактарам, што я кантакт першага ўзроўню, на што яны наўпрост кажуць: у Заслаўі ўсе такія. Горад літаральна палае».

Hавiны
Жыхарку Мар’інай Горкі выпісалі з пнеўманіяй, каб не плаціць ёй бальнічны, а медыкам – за працу з COVID-19
2020.06.09 16:22

«Тэсты не лечаць»

Барысу выдалі лісток непрацаздольнасці, у якім дасюль не запісалі дыягназу, хоць мужчына настойваў. Аналізы крыві таксама давялося выбіваць:

«Якая хвароба, нічога не напісана. Ніхто не хоча браць адказнасці. Чаго баяцца, не ведаю. Тэст давялося выбіваць амаль са скандалам. Зрабілі толькі пасля таго, як мы паехалі зрабіць КТ за свае грошы, гэта каштавала нам 100 рублёў. Здымак паказаў, што ў мяне двухбаковае запаленне лёгкіх сярэдняй цяжкасці, а ў дужках – высокая верагоднасць COVID-19. То бок я хаджу і заражаю. Спыталі іх пра тэсты, а яны на гэта – дык што вы нервуцеся, тэст жа не лечыць».

Hавiны
У Беларусі рэзкі рост цяжкіх пнеўманіяў. Магчыма, вінаватая спёка
2020.06.11 17:10

Услед за мужам захварэла Яўгенія: страціла нюх, былі моцныя галаўныя болі і ламала косці, але спачатку тэмпературы не было, таму яе скіравалі не ў інфекцыйны кабінет, а да тэрапеўта. Пасля некалькіх паходаў па дактарах ды шматгадзінных чаканняў у чэргах яна так і не дамаглася ані антыбіётыкаў, ані КТ.

«Муж захварэў, мая працаўніца захварэла, а яны кажуць, што мяне няма ў спісе хворых санэпідстанцыі. Тых, у каго пазітыўны тэст, залічваюць. Але як зрабіць тэст, калі адмаўляюць? Нам сказалі, што ёсць загад рабіць тэсты толькі паводле гэтых спісаў. Антыбіётыкі выпісалі толькі пасля некалькіх наведванняў паліклінікі. Доктарка нават у картку не заглянула, каб праверыць, што выпісалі. Здзівілася, што нічога».

Шматгадзінныя чэргі ў спёку і залеву

Сужэнства сышло ў самаізаляцыю, Яўгеніі пагадзіліся адкрыць бальнічны. Ейны вынік КТ паказаў на лёгкіх рубцы пасля пнеўманіі. Па выходных Яўгенія пайшла на прыём у інфекцыйны кабінет. Жанчына адзначае: шторазу чаканне ў чарзе займала не менш за тры гадзіны.

«Там настолькі шмат людзей, што немагчыма заставацца. Выседзець на лаўцы ў спёку ці пад залеваю немагчыма. Гэта проста жах, што адбываецца».

Аб’ектыў
Каронавірус: сумныя рэкорды
2020.06.13 21:43

Суразмоўца дадае, што людзі распавядаюць адную і тую ж гісторыю: ува ўсіх тэмпература, страта нюху, галаўныя болі, пацыентам ставяць ВРІ і адпраўляюць дадому, у тэстах адмаўляюць.

«Людзі хварэюць сем’ямі, і на ўсіх чальцоў прыходзіць толькі адзін вынік аналізу, а рэшта губляецца. Калі я прынесла вынікі КТ, мне сказалі: «Навошта вам тэст? У вас жа няма пнеўманіі!» У выніку мой аналіз на COVID-19 адмоўны, але дактары кажуць, што такое бывае. Колькі людзей не ведаюць пра платнае КТ, не ведаюць, што флюараграфія не паказвае запалення, што COVID-пнеўманію нельга праслухаць фанендаскопам».

Пасля ўсяго пройдзенага жыхаркі Заслаўя дасюль няма ў спісе санэпідстанцыі як кантакту першага ўзроўню. Бальнічны ёй працягнулі, але прытрымлівацца самаізаляцыі не загадалі.

Барысу ў выпісцы паставілі дыягназ – «неўдакладнёны каронавірус і неўдакладнёная пнеўманія».

Выпіска спадара Барыса. Фота прадстаўлена суразмоўцам
Выпіска спадара Барыса. Фота прадстаўлена суразмоўцам

Згодна з апошнімі афіцыйнымі звесткамі, за содні ў Беларусі зарэгістравалі 663 новыя выпадкі COVID-19, 6 асобаў памерлі.

Чытайце таксама:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў