«Замест камбінезона – халат з аднаразовай прасціны». Медыкі Кобрына вымушаныя шыць ахову ад COVID-19


Хворыя на двухбаковую пнеўманію з Берасця з мінулых выходных пачалі паступаць у Кобрынскую цэнтральную раённую больніцу. 14 красавіка Міністэрства аховы здароўя паведамляла пра 73 выпадкі заражэння каронавірусам у вобласці. Паводле ж інфармацыі крыніцаў belsat.eu, лякарні Берасця не даюць рады з наплывам пацыентаў з запаленнем лёгкіх і COVID-19. На ўмовах ананімнасці медбрат ЦРБ Кобрына спадар Іван (імя змененае) распавёў пра сітуацыю ў горадзе і вострую нястачу сродкаў аховы як для медперсаналу, так і для інфікаваных.

Кобрынскую цэнтральную раённую больніцу не закрылі цалкам, але з лютага ўстанова на каранціне, наведанне пацыентаў забароненае. Збольшага гэта ўсё захады абароны ад каронавіруса. Паводле медбрата больніцы, спадара Івана, хворыя на двухбаковую пнеўманію пачалі паступаць да іх у мінулыя выходныя, хуткія з Берасця прыязджаюць кожны дзень. Але і ў ЦРБ, і ў мясцовым інфекцыйным шпіталі медперсанал практычна не мае нават мінімальных сродкаў аховы ад інфекцыі.

«У «інфекцыёнцы» ляжаць з пацверджаным каронавірусам, да нас прывозяць хворых з двухбаковаю пнеўманіяй, адносна якіх прыйшлі першыя адмоўныя тэсты. У нас у Кобрыне тэстаў нідзе не зробіш, іх проста няма. Ні для пацыентаў, ні тым больш для дактароў».

Hавiны
У Берасці каронавірус выявілі ў дзіцяці
2020.04.16 07:45

Спадар Іван сцвярджае: галоўны доктар Кобрынскай ЦРБ запэўніў начальства, што шпіталь у баявой гатовасці, але ў выніку медперсанал шые ахоўныя сродкі з падручных сродкаў. Усё, што могуць зрабіць медыкі ўдома, – гэта аднаразовыя халаты, каўпакі, бахілы, нарукаўнікі, якія часта даводзіцца надзяваць замест бахілаў. Усё з аднаразовых прасцінаў і за свае грошы.

«У нас няма ні касцюмаў, ні камбінезонаў. Акуляры таксама самі сабе набывалі. Нават не закрытага, а адкрытага тыпу. Проста таму, што яны таннейшыя, а купляем мы ўсё за свае, і няма адкуль браць грошы. Рэспіратары купіць няма дзе, мы шыем марлевыя павязкі».

Hавiны
«Страцілі шмат часу. Тэст заняў 4 дні». Дзяўчына з COVID-19 распавяла пра смерць бацькі
2020.04.09 13:12

 

«Куды вы дзенецеся?»

Спадар Іван адзначае, што цяпер з двухбаковаю пнеўманіяй у іхным шпіталі ляжаць кіроўца і фельчар хуткай дапамогі. Галоўны доктар не дазваляе выкарыстоўваць медыкам супрацьчумных касцюмаў.

«Днямі нарад хуткай выехаў да пацыента з падазрэннем на каронавірус у супрацьчумным касцюме, як і трэба. Пазней іх выклікаў галоўны доктар і сказаў, што вылічыць кошт касцюмаў з заробку брыгады, маўляў, ён дазволу на яго выкарыстанне не даваў».

У той жа час калектыў адкрыта абураецца. У адказ на адмову выходзіць на працу без ахоўных сродкаў пачулі: «Куды вы дзенецеся?» Персанал шпіталю звяртаўся па дапамогу да валанцёраў, але ім адказалі, што загрузка вельмі вялікая і трэба чакаць. На думку спадара Івана, больніца сама магла б закупіць патрэбныя сродкі аховы, бо медычная ўстанова атрымлівае дадатковыя сродкі, напрыклад, на прэміі. Але начальства размяркоўвае грошы паміж сабою.

«Гэтыя грошы можна было накіраваць на пакупку абсталявання, акуляраў, рэспіратараў. Але гэтыя грошы дзеляць наверсе. Даведаліся мы пра гэта толькі цяпер, а калі гэта пачалося, ніхто не ведае».

Hавiны
«Ён бачыў, як вывозілі хлопцаў у рэанімацыю. Яны не вярталіся». Барысавец два тыдні дамагаўся шпіталізацыі для сына
2020.04.13 18:49

Даплату за працу з інфікаванымі нікому не прапаноўвалі. Іван дзеліцца інфармацыяй ад калегі з Берасцейскай абласной больніцы, якая працуе ў рэанімацыі. Анестэзіёлагам, напрыклад, плоцяць дадатковыя 13 рублёў за содні.

Каментар ад адміністрацыі Кобрынскай ЦРБ атрымаць не ўдалося. Галоўны доктар Мікалай Брашко або адсутнічае, або ягоны тэлефон недасяжны.

Hавiны
«Прывозяць 4–5 памерлых ад каронавіруса штодня». Як працуе адзіны ў Беларусі крэматорый?
2020.04.14 18:34

ДР belsat.eu

Стужка навінаў