Раніцай 28 лютага Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра першага носьбіта каронавіруса ў Беларусі. Мы сабралі ўсё, што вядома на гэты момант пра выяўленне віруса ў нашай краіне і далейшае развіццё падзеяў.
Студэнт трэцяга курсу механіка-тэхналагічнага факультэту БНТУ П. прыляцеў у Менск з Баку 22 лютага а 7:10 раніцы рэйсам «Белавіі». Палёт ажыццяўляўся на Boeing 737-5Q8, які, у залежнасці ад кампаноўкі салону, можа перавозіць ад 126 да 132 чалавек без уліку экіпажу.
Адзін з пасажыраў рэйсу ў размове з «Tut.by» распавёў, што рэйс быў поўны, прыкладна палова людзей былі беларусамі.
Праз некалькі дзён П. выклікалі ў студэнцкую паліклініку. Хлопец ні на што не скардзіўся, але медыкаў занепакоіла невялікая тэмпература – 37,3 градусы – і пачырваненне горла.
У юнака ўзялі аналізы. У чацвер лабараторыя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялогіі і мікрабіялогіі пацвердзіла наяўнасць у студэнта каронавіруса.
Вядома, што хлопец жыў у інтэрнаце, але часта бываў удома сваёй дзяўчыны Паліны, якая жыве з бацькамі. Быў ён у яе і ўвечары 27 лютага, калі яму пазванілі медыкі і сказалі, каб усе, хто знаходзіцца ўдома, збіраліся ў шпіталь.
У Менскі інфекцыйны шпіталь іранца транспартавалі ў адмысловым боксе, сям’я Паліны дайшла да машыны «хуткай» самастойна.
Паводле медыкаў, П. адчувае сябе задавальняюча. У размове з «Tut.by» Паліна распавяла, што ўсе чальцы яе сям’і таксама адчуваюць сябе нармальна.
Цяпер некаторыя студэнты дзякуюць П. пра адмену параў. Абсалютная большасць каментатараў на «сцяне» хлопца «уКантакце» зычаць яму здароўя.
У БНТУ адмяніў заняткі у аўдыторыях да 15 сакавіка. Паводле Міністэрства аховы здароўя, у шпіталі патрапілі 26 аднагрупнікаў іранскага студэнта і 7 выкладчыкаў.
Менская гарадская клінічная інфекцыйная больніца, дзе ляжыць П., увяла каранцін: уваход на тэрыторыю больніцы забаронены, кансультатыўны прыём планавых пацыентаў часова прыпынілі.
Паводле міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, за апошнія суткі ў гэтую лякарню шпіталізавалі 16 чалавек.
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што клінічных сімптомаў каронавіруса ў іранскага студэнта няма.
«На сённяшні момант яго нішто не турбуе, – паведаміў міністр. – Лабараторныя даследаванні паказваюць наяўнасць фрагментаў РНК віруса. Гэта можа сведчыць, напрыклад, пра стадыі носьбіцтва. У любым выпадку чалавек знаходзіцца пад медычным наглядам і сёння лячэнне яму не патрабуецца».
Прыкладна з 10:00 пятніцы жыхары Менску адправіліся ў аптэкі. Як распавяла «Белсату» правізорка адной з менскіх аптэк, найвялікшым попытам сёння карысталіся антывірусныя прэпараты і нават антыбактэрыяльныя гелі.
Палова людзей прыходзіць у аптэкі па маскі, але ў продажы іх практычна няма: даўно разабралі.
Беларусь узмацніла санітарна-каранцінныя захады бяспекі на ўедзе ў краіну. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што межы закрываць не будуць.
Праз падазрэнне на каронавірус у Берасцейскую інфекцыйную больніцу шпіталізавалі дальнабойніка, а таксама сям’ю дзяўчыны, якая вучыцца ў Мілане. У кіроўцы дыягназ не пацвердзіўся. Па словах міністра аховы здароўя, няма прыкмет захворвання і ў чальцоў сям’і студэнткі.
29 лютага Мінздароўя правядзе гарачыя лініі з жыхарамі ўсёй краіны. Тэлефоны для кожнай з вобласцяў – тут.
Таксама ведамства збіраецца апублікаваць спіс адмысловых цэнтраў па ўсёй краіне, дзе можна будзе здаць аналіз на каронавірус і праз 5 гадзінаў атрымаць вынік тэсту.
COVID-19 – назва хваробы, якую выклікае вірус SARS-Cov-2. У медыях часцей за ўсё яго называюць «новым каронавірусам». Вірус небяспечны для людзей з аслабленым імунітэтам, захворваннямі дыхальнай сістэмы, цукровым дыябетам, а таксама для людзей ва ўзросце ад 60 да 80+ гадоў. Успышка COVID-19 пачалася ў сярэдзіне снежня 2019 года ў горадзе Ўу-Хань у цэнтральным Кітаі.
У вірусаў, як у раслін або жывёлін, ёсць розныя сямействы і віды. Каронавірусы – гэта сямейства з пэўнымі характарыстыкамі, якое аб’ядноўвае 40 відаў вірусаў, якія калісьці былі прычынаю эпідэміяў сярод людзей, прыводзяць да вострых рэспіратарных захворванняў, а таксама вірусы, на якія можа захварэць тузін розных відаў жывёлін (ад кажаноў і пацукоў да птушак).
ДД belsat.eu