«Ён бачыў, як вывозілі хлопцаў у рэанімацыю. Яны не вярталіся». Барысавец два тыдні дамагаўся шпіталізацыі для сына

Жыхар Барысава спадар Аляксандр падчапіў вірус ад сына, які ў сакавіку вярнуўся з Менску. Услед за ім захварэла ўся сям’я. Мужчына не выздаравеў дасюль, яму паставілі дыягназ «бранхіт». Найгорш пачуваўся сын спадара Аляксандра – Павел, але мужчына дамогся шпіталізацыі для яго толькі праз два тыдні, як пачалі зʼяўляцца сімптомы каронавіруснай інфекцыі. Барысавец распавёў belsat.eu, як не можа дапрасіцца вынікаў тэсту на COVID-19 і пра самыя цяжкія ўспаміны ягонага дзіцяці ў шпіталі.

18-гадовы Павел вучыцца ў менскім каледжы, 13 сакавіка ён прыехаў да бацькоў у Барысаў. Ужо на наступны дзень хлопцу моцна забалела горла, паднялася тэмпература да 37,5. Праз дзень захварэлі і бацькі. У паліклініцы, куды звярнуўся бацька Паўла Александр, тэрапеўт сказала, што ў абодвух лёгкія чыстыя, і адправіла дадому. З самога пачатку спадар Аляксандр набыў маскі ўсёй сям’і. Мужчына кажа, што ў Барысаве іх не знайшоў, давялося ехаць у суседнюю мясцовасць.

Агулам цягам двух тыдняў да шпіталізацыі ў Барысаўскі раённы шпіталь № 2 Павел быў у паліклініцы чатыры разы. Толькі на чацвёрты раз бацька здолеў угаварыць доктара даць накіраванне на рэнтген.

«Яны ўвесь час гаварылі, што лёгкія чыстыя. Накіраванне нам далі ў пятніцу, чакалі рэнтгену да панядзелка. Выявілі правабаковую пнеўманію і толькі тады шпіталізавалі. Калі б не націснуў, далей бы лячыліся невядома ад чаго», – распавядае belsat.eu спадар Аляксандр.

«Катастрофа. Мы сядзім як на парахавой бочцы». Доктар – пра выбух каронавіруса ў Менску

Праз два дні ў больніцы сыну зрабілі тэст на каронавірус. Вынікаў гэтак і не дачакаліся. Барысавец кажа, што некалькі разоў размаўляў з доктаркаю, але пачуў ад яе, «што, калі не перазванілі, вынік адмоўны, але можа быць і ілжыва адмоўны».

Для сябе спадар Аляксандр тэсту не дамогся. Доктарка сказала, што, паводле Міністэрства аховы здароўя, паказанне для тэсту – наяўнасць двухбаковай пнеўманіі.

«Я пасмяяўся: можа, наагул пасмяротна іх рабіць? Пасля мне зрабілі флюараграфію і рэнтген, паставілі дыягназ «бранхіт». Выпісалі супрацьвірусны сродак і антыбіётык. Але я дасюль да канца не ачуняў, а бальнічны працягваць не хочуць, бо ў Беларусі нельга даўжэй за дзесяць дзён. На працы кантракт са мной не працягнуць».

Палата Барысаўскага раённага шпіталю № 2, дзе ляжаў Павел. Фота суразмоўцы

Дзе дакладна Павел мог падчапіць вірус, ні ён, ні бацька не ведаюць. Спадар Аляксандр кажа, што, напэўна, у каледжы сына былі хворыя. Паўлу званіў дырэктар навучальнай установы і распытваў пра вынікі тэсту.

«На 100 % мы не ведаем, ці гэта каронавірус, бо вынікаў нам не паказалі, паўторнага тэсту не рабілі. Я звяртаўся ў «інфекцыёнку» з просьбаю зрабіць тэст. Яны спыталі пра кантакты з тымі, хто вярнуўся з Італіі ды Кітаю. Вядома, у мяне не было, але Павел кантактаваў з таварышамі, якія прыехалі з Еўропы. Мне сказалі, што гэта не падстава».

Паўторны мазок у Паўла не бралі. Хлопец распавядаў бацькам, што ляжыць у палаце на шэсць ложкаў. Усе занятыя, ніводзін пацыент маскі не мае. Вельмі шмат дактароў і медперсаналу захварэлі. За час лекавання Паўла змяніліся тры дактары.

Палата Барысаўскага раённага шпіталю № 2, дзе ляжаў Павел. Фота суразмоўцы

Спачатку да хворых пускалі наведнікаў. Спадар Аляксандр кажа, што сын выходзіў да іх забіраць перадачу. Маскі яму не выдалі. Пазней шпіталь закрылі, вывезлі пацыентаў, нібыта не звязаных з COVID-19. Паводле Паўла, цяпер тэсты робяць усім, каго прывозяць, але сродкаў аховы бракуе: медыкі ходзяць увесь дзень у той масцы, якую можна выкарыстоўваць толькі некалькі гадзінаў.

Аляксандр адзначае, што фізічна ягоны сын пачуваецца лепш, за што ўдзячны дактарам. Але псіхалагічна хлопцу было вельмі цяжка:

«Ён бачыў, як вывозілі хлопцаў у рэанімацыю. Яны не вярталіся. На іхнае месца клалі новых хворых. Шмат аўтаў з моргу прыязджалі і выязджалі з «інфекцыёнкі», а таксама вайсковыя ды машыны хуткай дапамогі адна за адной».

Палата Барысаўскага раённага шпіталю № 2, дзе ляжаў Павел. Фота суразмоўцы

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна прызнала смерць 29 пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. У заявах ведамства падкрэсліваецца, што паміраюць людзі «з шэрагам хранічных захворванняў».

Лукашэнка: ад каронавіруса ў Беларусі не памёр ні адзін чалавек

Hавiны