«Каронавірус адбіўся страшна». Як менскія тэатры і музеі працуюць падчас пандэміі


Ва ўмовах распаўсюду каронавірусу наведвальнасць беларускіх тэатраў і музеяў рэзка знізілася. Некаторыя спектаклі і выставы адмяняюцца, тэатры і музеі пачынаюць засвойваць онлайн-фарматы. Аднак пра поўнае закрыццё ўстановаў пакуль гаворкі не ідзе. Belsat.eu разбіраўся, як працуюць менскія тэатры і музеі падчас успышкі COVID-19.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музею Павел Сапоцька ў размове з карэспандэнтам belsat.eu канстатаваў, што сітуацыя з каронавірусам вельмі моцна паўплывала на наведвальнасць музею.

«Людзей у музею амаль няма. Гэта не толькі ў нашым музею, але і ў іншых, я ведаю пра гэта ад калегаў. Але музей працуе. Мы цяпер хочам больш развіваць дыстанцыйныя формы. Напрыклад, мы на сваім сайце і ў сацыяльных сетках распавядаем пра розныя цікавыя прадметы з экспазіцыі і калекцыі нашага музею», – кажа ён.

Нацыянальны гістарычны музей.
Фота: histmuseum.by

Як распавёў спадар Сапоцька, паколькі была скасаваная выстава да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, то цягам месяца будзе пуставаць вялікая зала музею. «І мы вырашылі правесці шэраг мерапрыемстваў: перформансы, лекцыі, «ажывелыя скульптуры», стварэнне розных твораў мастацтва беларускімі мастакамі ў рэжыме онлайн… Усё гэта будзе знята на відэа і запушчана на YouTube, у сацыяльныя сеткі, на сайт», – тлумачыць ён.

Імпрэзы ў Нацыянальным гістарычным музею ўсё роўна адбываюцца, але цяпер яны праводзяцца ў больш камерным фармаце. Адначасова з іх вядуцца онлайн-трансляцыі. Напрыклад, 26 сакавіка плануецца стрым з урачыстага адкрыцця выставы з прыватнай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Потым праз інтэрнэт будзе распавядацца і пра асобныя артэфакты гэтай калекцыі.

«Каронавірус, канешне, адбіўся страшна. Але мы працу працягваем і на сувязь з публікай выходзім праз інтэрнэт. Усё роўна культурнае жыццё працягваецца. Патрэба людзей у мастацтве застаецца», – падкрэсліў Сапоцька.

Нацыянальны мастацкі музей.
Фота: artmuseum.by

У Нацыянальным мастацкім музею былі скасаваныя шэраг лекцыяў і выставаў, але пра поўнае зачыненне музею гаворкі няма.

«Шэраг запланаваных мерапрыемстваў былі перанесеныя на нявызначаны час, некаторыя былі пастаўлены на паўзу, некаторыя скасаваныя зусім. Што датычна альтэрнатыўных формаў, то мы стараемся прыцягнуць людзей, што знаходзяцца на каранціне, праз онлайн-тэхналогіі. Напрыклад, у нядзелю ў нас была лекцыя, прысвечаная выставе Лазара Хідэкеля – яна прайшла ў рэжыме онлайн і колькасць гледачоў складала больш за 1000 чалавек», – распавяла belsat.eu намесніца генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музею Святлана Анейка.

Анейка запэўнівае, што бліжэйшыя планы музею цалкам згорнутыя не будуць: выставы будуць адкрывацца, але без урачыстых афіцыйных мерапрыемстваў.

«Натуральна, колькасць наведнікаў музею значна скарацілася. Гэта прызнаюць усе. Але нельга сказаць, што людзі цалкам перасталі хадзіць», – дадае намесніца дырэктара.

Тэатр імя Янкі Купалы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з 27 сакавіка распачне праект «Тыдзень Купалаўскага online». Як адзначаецца ў абвестцы на сайце тэатру, на працягу тыдня гледачы змогуць убачыць шэраг рэпертуарных спектакляў Купалаўскага тэатру, не выходзячы з дому. Онлайн-тыдзень пачнецца са спектаклю «Паўлінка» на Галоўнай сцэне тэатру. Наўпроставую трансляцыю можна будзе паглядзець у мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv. 29 сакавіка на сайце і ў сацыяльных сетках тэатру будзе даступна трансляцыя запісу спектакля «Школа падаткаплацельшчыкаў», 31-га – запіс спектаклю «Вельтмайстар-акардэон», а 2 красавіка – спектаклю «Ураджай».

Асваенне онлайн-фармату не азначае, што Купалаўскі тэатр пры гэтым зачыняе свае дзверы. Але колькасць гледачоў, відавочна, знізілася. Сэрвісы для пакупкі квіткоў онлайн фіксуюць вялікую колькасць вольных месцаў на бліжэйшыя спектаклі.

Тэатр М. Горкага.
Фота: bycard.by

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага таксама адчуў на сябе наступствы пандэміі. Некалькі спектакляў у сакавіку былі адмененыя праз тое, што гледачы вяртаюць квіткі.

«У нас сітуацыя, у прынцыпе, такая ж, як і ва ўсіх тэатрах. Попыт на квіткі ўпаў. Аднак у нас яшчэ свая спецыфіка: наш тэатр знаходзімся на рэканструкцыі. Проста так узяць і спыніцца мы не можам, бо ва ўсіх тэатрах ёсць план па колькасці мерапрыемстваў. Натуральна, будзем глядзець па сітуацыі. Канешне, калі наагул не карыстаецца попытам нейкі спектакль, то будзем прымаць рашэнне ў працоўным парадку», – тлумачыць belsat.eu намесніца дырэктара тэатру Вікторыя Куксянкова.

Засваенню онлайн-фарматаў Тэатру Горкага перашкаджаюць тэхнічныя цяжкасці. Летась у будынку тэатру пачаўся вялікі рамонт, галоўную сцэну зачынілі на рэканструкцыю. Цяпер трупа выступае на пляцоўцы Рэспубліканскага Палацу культуры прафсаюзаў і Малой сцэны Тэатру Горкага.

«Гэта [онлайн-фармат. – Belsat.eu] складана, тэхнічна мы не можам сябе гэта дазволіць. У Купалаўскага тэатру ёсць свае сцэны – Галоўная і Малая. У нас гэтага няма. Нашая родная сцэна на рэканструкцыі. Куды прыходзіць, дзе граць? З іншага боку тут ёсць нейкі казус: ці можна паказваць рэпертуарныя спектаклі онлайн з боку аўтарскага права, бо дамовы ж з аўтарамі спектаклю заключаны на паказы на сцэне, а трансляцыя – гэта іншае».

Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр у сакавіку не ўносіў змены ў афішу, але ў красавіку плануе частку спектакляў скасаваць.

«Гледачоў, канешне, стала менш. Будуць змены ў рэпертуары. У красавіку некаторыя спектаклі будуць адмененыя, некаторыя будуць ісці», – распавялі belsat.eu у адміністрацыі тэатру.

Квіткі ў Моладзевы тэатр прадаюцца з адкрытай датай. «То бок, калі цяпер гледачы не хочуць прыйсці, то яны змогуць прыйсці пазней – у красавіку, траўні або чэрвені», – кажа наша суразмоўца.

Праз тое, што квіткі не прадаюцца, была скасаваная і прэм’ера спектаклю Новага драматычнага тэатру «Дзень». «Пакуль складана казаць пра сітуацыю. На сённяшні дзень тэатр працуе. А онлайн-фармат мы плануем засвоіць незалежна ад каронавірусу», – распавялі belsat.eu прадстаўнікі тэатру.

Бліжэйшая ініцыятыва ў онлайн-фармаце: наўпроставы эфір у Instagram, дзе акторка Новага драматычнага тэатру Люсінэ Саядзян будзе чытаць апавяданні Эрнэста Хемінгуэя і Джэймза Джойса.

Тэатр оперы і балету.
Фота: Viktor Drachev/TASS

Вялікі тэатр оперы і балету скасоўваць спектаклі пакуль не плануе. Яшчэ 19 сакавіка з’явілася абвестка, што Вялікі тэатр працягвае працаваць у звычайным рэжыме і ў адпаведнасці з рэпертуарнай афішай.

«Мы прынялі ўсе магчымыя меры па ахове вашага здароўя. У тэатры ўведзены спецыяльны рэжым дэзынфекцыі памяшканняў. У фае ўсталяваныя дазатары з антысептыкам для рук. Рэгулярна праводзіцца дэзынфекцыйная адпрацоўка ручак дзвярэй, парэнчаў лесвіц, падлог. У глядзельнай зале, фае і прыбіральнях пастаянна працуе прытокава-выцяжная сістэма вентыляцыі», – адзначалася ў прэс-рэлізе на сайце тэатру.

Аднак паралельна Вялікі тэатр пачынае асвойваць онлайн-фармат. 27 сакавіка адбудзецца наўпроставая трансляцыя спектаклю «Стварэнне свету» на тэлеканале «Беларусь 3».

Hавiны
Дабрачыннасць супраць COVID-19: хто і на што збірае грошы?
2020.03.25 19:05

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў