«Карона» не «карона», а Лукашэнку патрэбныя хлопчыкі для біцця

Будзь на месцы беларускіх міністраў персанажы «Кавказской пленницы», яны б сёння ўсклікнулі галасамі Баязліўца, Балбеса і Бывалага: «Немагчыма працаваць» – «Вы даеце нерэальныя планы» – «Гэта… як яго… валюнтарызм».

На вялікай нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Ніякага адабрэння падзення ВУП не можа быць і не будзе, таму настройваецеся на выкананне тых планаў, якія перад намі ёсць».

У прынцыпе, яго фірмовы «жесточайший спрос» ужо ўвайшоў у аналы, падобныя фразы (нярэдка з дадаткам «кроў з носу») беларускі прэзідэнт прамаўляў дзясяткі разоў.

Але фішка ў тым, што сітуацыя ўнікальная. Незалежныя эканамісты сцвярджаюць, што насоўваецца «ідэальны шторм». Гэта калі спляценне негатыўных фактараў (у нашым выпадку – пандэмія, накладзеная на сусветны эканамічны крызіс, плюс нафтагазавыя цёркі з Расеяй і інш.) рэзка ўзмацняе іх сумарны разбуральны эфект.

Па-добраму сёння трэба гаварыць пра тое, як змякчыць удар «ідэальнага шторму», а не пра штурм планавых вышынь.

Эксперты спрачаюцца толькі пра глыбіню падзення

Увогуле, гэтыя вышыні і так было нерэальна ўзяць. Беларуская эканоміка і да чортава віруса ўжо прыкметна запавольвалася. Калі ў 2018 годзе яна вырасла на 3,1%, у 2019-м – толькі на 1,2% (хоць планавалася 4%). Гэта значыць, і без пандэміі леташні план шчасна правалілі. Міжнародныя арганізацыі накшталт МВФ і беларускія незалежныя эксперты падкрэслівалі, што без структурных рэформаў эканоміка Беларусі асуджаная на чарапашыя тэмпы, а то і стагнацыю.

Тым не менш, восенню мінулага года Лукашэнка запатрабаваў, каб прагноз росту ВУП на 2020 год быў павялічаны з 2,5% да 2,8%. Па выніках першага квартала гэты паказчык знізіўся на 0,3%. І гэта яшчэ кветачкі, кажуць эканамісты.

Эксперты Еўразійскага банку развіцця прагназуюць, што эканоміка Беларусі ўпадзе сёлета на 3,3%, МВФ – што на 6%. Эканамісты BEROC (Менск) малююць веер сцэнарыяў з падзеннем ад 3,5% (гэта, па іх ацэнках, вельмі аптымістычны варыянт) да 18%.

Росту ва ўмовах цяперашняга глабальнага форс-мажору, як бачым, не чакае ніхто. Акрамя беларускага кіраўніка.

Прэлюдыя да спектакля

Зрэшты, рызыкну выказаць здагадку, што і Лукашэнка выканання гадавога плана не чакае. Ён не настолькі лунае ў эмпірэях. Тым больш што і мінулая пяцігодка была з трэскам праваленая, і цяперашнюю ніякі цуд ужо не ўратуе.

Навошта ж ён чвэрць стагоддзя практыкуе гэты валюнтарызм? А затым, скажу я вам, што ў палітычным плане гэта бяспройгрышны метад.

Па-першае, страх (а беларускі кіраўнік раз за разам пагражае падначаленым кайданкамі, нарамі), як паказаў беларускі эксперымент, і ў ХХІ стагоддзі, у эпоху высокіх тэхналогіяў, можа быць даволі эфектыўным стымулам. Вертыкаль трасецца, дрэнна спіць, сумна глушыць гарэлку па вечарах, атрымлівае інфаркты, але лезе са скуры прэч, каб не патрапіць пад гнеў правадыра. І часам выціскае ўсімі праўдамі і няпраўдамі запланаваны вынік (чым вылазяць потым няпраўды – асобная тэма).

Па-другое, у выпадку поспеху Лукашэнка, натуральна, забірае лаўры сабе: Вось бачыце, націснуў – і зрабілі як міленькія. А так шукалі б апраўдання.

Па-трэцяе, і гэта самае важнае, у выпадку правалу ў прэзідэнта ёсць усе падставы зладзіць каронны спектакль пра строгага, мудрага цара, які пячэцца пра народ, і нядбайных баяраў. Кіраўнік дзяржавы паказвае электарату, што радзеў за яго ўсімі фібрамі, ды вось разгільдзяі-выканаўцы падвялі.

Ніякі Румас вышэй пояса не скокне

Пры гэтым усе наменклатурныя разгільдзяі вышэйшага і сярэдняга звяна прызначаюцца, заўважце, выключна самім Лукашэнкам або па ўзгадненню з ім. Ён любіць займацца кадравай палітыкай, задавальняе рэзанансныя кадравыя дні, відавочна смакуе магчымасць гуляць лёсамі падданых.

Так, але што ж гэта за палітыка і ці настолькі мудры правадыр, калі чвэрць стагоддзя на важныя пасады ён масава ставіць разгільдзяяў? Праўда, далёка не кожны просты беларус, які глядзіць па дзяржаўным ТБ чарговы разнос у прэзідэнта, улоўлівае гэты алагізм.

Цяперашні кіраўнік Саўміна Сяргей Румас – ужо восьмы прэм’ер эпохі Лукашэнкі. Імёны ранейшых памятае толькі вузкі пласт экспертаў. І справа не ў імёнах. Каго ні назнач на гэтую няўдзячную пасаду, вышэй пояса ён не скокне.

У Румаса была рэпутацыя рыначніка, і пасля яго прызначэння ў жніўні 2018 года ў некаторых наіўных каментатараў праслізгвалі ілюзіі, што, вось, мабыць, вырашана нарэшце спакваля пачынаць рэформы. Апынуліся правымі скептыкі: ні чорта падобнага.

І Румас вымушаны ківаць галавой, атрымліваючы антырынкавыя, валюнтарысцкія ўказанні. І гэтай фігурай Лукашэнка бясстрашна ахвяруе ў зручны момант або проста пад гарачую руку. Так, раззлаваўшыся на правалы ў Аршанскім раёне, прэзідэнт імпульсіўна зняў папярэдняга прэмʼера Андрэя Кабякова.

Дарэчы, пры такіх разборах палётаў беларускі лідар у запале маляўніча малюе сапраўдную карціну айчыннай эканомікі.

«Хіба гэта працоўныя месцы?! Вязніца нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!» – абураўся прэзідэнт у жніўні 2018-га на адным з аршанскіх заводаў.

Калі б кіраўнік дзяржавы менш ездзіў па пацёмкінскіх вёсках, то ўбачыў бы тыя ж рэаліі саўка, які калапсуе – «вязніцы» і «катаржных людзей» – па ўсёй Беларусі. І гэта – пасля 25 гадоў праўлення нязменнага прэзідэнта.

Прычым калі цяпер накрые «ідэальны шторм», то і дзвесце долараў заробку шматлікім рабацягам у глыбінцы здадуцца шалёнымі грашыма, недасяжнай марай. Але правадыр, балатуючыся на новы тэрмін (выбары, хутчэй за ўсё, будуць прызначаныя на канец жніўня), пастараецца павесіць усіх сабак на пандэмію, сусветны крызіс і нядбайных міністраў. Сам жа, як звычайна, аддасць перавагу паўстаць перад публікай, як у тым анекдоце, – ва ўсім белым.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік/ІР – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў