Караць за карупцыю ў Беларусі будуць больш сувора

Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 траўня дэкрэт №3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Дэкрэт мае на мэце ўзмацненне мер адказнасці за карупцыйныя злачынствы. У адпаведнасці з дакументам, асобы, асуджаныя за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў, не падлягаюць ўмоўна-датэрміноваму вызваленню або замене неадбытай часткі пакарання на больш мяккае.

Раней намеснік міністра юстыцыі Сяргей Задзіран заявіў БелТА, што новы дэкрэт адыграе сур’ёзную прэвентыўную ролю.

«У чалавека, які яшчэ не здзейсніў злачынства, але мае нейкія злачынныя намеры, зʼяўляецца дадатковы, вельмі сурʼёзны псіхалагічны стымул для разважання, ці варта пераступаць рысу закона», – адзначыў Задзіран.

У дэкрэце пазначаныя дзесяць канкрэтных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія ў адпаведнасці з ім будуць разглядацца ў якасці карупцыйных злачынстваў. Распрацоўкай дакументу больш за паўгода займалася Міністэрства юстыцыі па даручэнні Лукашэнкі.

Нарматыўны прававы акт уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання. Пры гэтым ураду мусіць цягам трох месяцаў забяспечыць распрацоўку законапраекта, які адкарэктуе ў адпаведнай частцы Крымінальны кодэкс.

КА belsat.eu

Hавiны