Каранік: Раней у Віцебску штодня было 200-300 пнеўманій, цяпер – 20-30


Больніцы Віцебску паэтапна вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. Другой медустановай гораду, якая адновіць з наступнага тыдня сваю профільную працу, стане Віцебская абласная клінічная больніца.

Пра гэта паведаміў сёння ў Віцебску журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае БелТА.

Паводле заявы Караніка, сітуацыя ў гэтым рэгіёне краіны першапачаткова развівалася «не зусім добра па той прычыне, што на сезонны ўздым рэспіраторных інфекцый і пнеўманій напластавалася яшчэ і каронавірусная інфекцыя, што запатрабавала перапрафілявання ложкавага фонду».

«Калі на піку мы часам бачылі больш за 200 выпадкаў пнеўманіі ў суткі, то цяпер гэтыя паказнікі ўпалі да 20-30 выпадкаў па Віцебску, што ў прынцыпе ўжо набліжаецца да натуральнай нормы.

Думаю, што ў найбліжэйшы час іх колькасць будзе і далей змяншацца, улічваючы, што сезонныя захворванні сыходзяць, хоць і з некаторым спазненнем. Віной таму цёплая зіма і халодная вясна, але, мяркуючы па прагнозах, надвор’е адновіцца, і сезонныя рэспіраторныя інфекцыі сыдуць», – канстатаваў Каранік.

У эфіры тэлеканалу «Віцебск» міністр таксама адзначыў, што ў апошнія тры тыдні ў рэгіёне «мы бачым устойлівае зніжэнне захворвання як каронавірусной інфекцыяй, так і пнеўманіямі».

«Але і на піку, і цяпер сітуацыя была і застаецца пад кантролем. У нас дастатковы ложкавы фонд. І нават у самыя напружаныя дні выкарыстоўвалася каля 50% ложкавага фонду, а колькасць задзейнічаных апаратаў ШВЛ для аказання дапамогі пацыентам з пнеўманіямі ніколі не перавышала 15%», – сказаў Уладзімір Каранік.

Па словах міністра, хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час лячыць пацыентаў з пнеўманіямі і каронавірусам у Віцебску будзе толькі больніца хуткай меддапамогі.

Паводле дадзеных Мінздароўя, на 19 траўня ў Беларусі зафіксавана 31 508 выпадкаў інфікавання COVID-19. Апошнія тыдні кожны дзень дадаецца па 900+ новых. 175 пацыентаў памерлі.

Hавiны
Мінздароўя апублікавала новыя дадзеныя наконт сітуацыі з каронавірусам
2020.05.19 12:40

КА belsat.eu

Стужка навінаў