Караеў распавёў, што сам правяраў людзей на самаізаляцыі


Міністр унутраных спраў Юрый Караеў ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў, як з экіпажам міліцыі сам правяраў ізаляваных.

«Калі медыкі стаяць у першай лініі абароны, то мы, напэўна, у другой, недалёка ад іх», – сказаў кіраўнік МУС.

Міністр распавёў, што сам у аўторак правяраў з экіпажам міліцыі і эпідэміёлагам тых, хто павінен знаходзіцца ў ізаляцыі.

«Паглядзеў, як яны фіксуюць, як падыходзяць да пад’езду, пытаюцца па дамафоне гаспадароў кватэры і дамачадцаў тых, хто на самаізаляцыі, задаюць такія няхітрыя анкетуючыя пытанні, каб зразумець, што гэта менавіта яны. А часам мы просім і на балкон выйсці, і ў акно памахаць рукой», – распавёў ён.

Юрый Караеў прывёў прыклад: калі толькі пачалі кантраляваць тых, хто ў ізаляцыі, і правяралі першыя 900 кантактаў першага ўзроўню, 800 з іх дома не знаходзілі.

«А цяпер каля 26 тысяч чалавек на самаізаляцыі, і толькі 300 з іх не былі дома. І 280 знаходзяцца адразу ж, гэта значыць гэта тыя, хто выйшаў у бліжэйшы магазін, смецце выкінуць. І ў астатку 20 чалавек, якіх ужо на наступныя содні ўстанавілі. Наколькі расце свядомасць грамадзянаў», – дадаў ён.

Нагадаем, апошнія тыдні пацыентаў з лёгкім цячэннем пнеўманіі і каронавіруснай інфекцыяй не шпіталізуюць – яны лечацца дома і павінны захоўваць рэжым самаізаляцыі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў