Караеў пра затрыманні: Бярэм тых, хто ігнаруе намёкі з ласкавым выштурхоўваннем


Міністр унутраных спраў Юрый Караеў пракаментаваў шматлікія затрыманні ў розных гарадах Беларусі. Ён заявіў, што міліцыянтаў адмыслова інструктуюць, каб яны праяўлялі максімальную вытрымку, паведамляе прэс-служба МУС.

Караеў сказаў, што падзеі, якія адбываюцца ў Менску, «часам накіраваныя на разгойдванне сітуацыі». Паводле яго, пад выглядам мірных пратэстаў хаваецца вялізарная небяспека.

«Таму што, напрыклад, калі пікеты ператвараюцца ў несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, яны кранаюць вялікую колькасць старонніх, якія не маюць дачынення да гэтага і не жадаючых у гэтым удзельнічаць людзей. Але сваім месцам правядзення гэтых ілжэпікетаў, якія ператвараюцца ў гэтыя ланцугі, гэтыя людзі падстаўляюць тых, хто не хоча ў гэтым удзельнічаць», – заявіў Караеў.

Міністр адзначыў, што ў такой сітуацыі непазбежныя выпадкі, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў, перарываючы несанкцыянаваныя мерапрыемствы, «ненаўмысна кранаюць старонніх людзей». Ён запэўніў, што ў такіх сітуацыях патрабуе ад падначаленых, каб «недасціснулі, чым пераціснулі», каб у міліцыю не патрапілі тыя, «хто не хацеў у гэтым удзельнічаць».

«Таму я кажу супрацоўнікам АМАПу, калі яны кагосьці выцясняюць, то лепш хай яны падставяцца самі, але нікога, не дай бог, не б’юць, не прымяняюць фізічную сілу, тым больш не дастаюць спецсродкі», – дадаў міністр.

Ён таксама адзначыў, што з міліцыянтамі праводзяць інструктаж, каб тыя праяўлялі максімальную вытрымку.

«А ў органы ўнутраных спраў дастаўляюць для разбору толькі тых, хто адмыслова, наўмысна, ігнаруючы шматразовыя патрабаванні і нават намёк з фізічным выштурхоўваннем, але ласкавым такім, негвалтоўным, усё роўна імкнуцца працягнуць гэтыя мерапрыемствы. Дэстабілізаваць абстаноўку, дарожны рух, рух па ходніках і ўцягнуць у гэтыя падзеі людзей, якія не маюць дачынення», – сказаў ён.

Міністр падкрэсліў, што «вось гэты нібыта мірны пратэст» будзе спыняцца ў зародку, каб ён не разрастаўся « у нешта больш масавае ад іх беспакаранасці, таму што мы не заўважаем і ня ўздзейнічаем».

За ўдзел у «ланцугах салідарнасці», якія прайшлі ў розных гарадах Беларусі з 18 па 21 чэрвеня, былі затрыманыя больш за 360 чалавек, з іх толькі ў Менску больш за 260 удзельнікаў акцый. Прайшло ўжо больш за 100 судоў. Паводле праваабаронцаў, 9 чалавек атрымалі агулам на ўсіх 105 содняў арышту, мінімум 78 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму ў 50,5 тысячы рублёў.

Масавы пераслед актывістаў распачаўся на пачатку траўня і працягваецца цяпер.

КА belsat.eu

Стужка навінаў