Караеў пра «справу Ціханоўскага»: Пагражалі жонцы міліцыянта


Міністр унутраных спраў Юрый Караеў, каментуючы ход перадвыбарнай кампаніі ў эфіры АНТ 13 чэрвеня, заявіў, што міліцыя адсочвае, «хто як сябе паводзіць, да чаго заклікае, якія выдае лозунгі».

Ён таксама распавёў пра стан аднаго з міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі падчас пікету Ціханоўскай у Горадні.

«Ужо нармальна, ніхто не казаў, што ў яго асабліва моцныя цяжкія цялесныя пашкоджанні, ён у шэрагу. Іншая справа, што жонцы пайшлі пагрозы, што яна жонка гэтага міліцыянта. Ну, мы іх, натуральна, высветлім. Хто мае адвагу пагражаць жонцы міліцыянта, які выконваў сваю працу.

Начальніку УУС Горадні, які да гэтага за тыдзень з інфарктам трапіў у больніцу, паступалі пагрозы нейкія… Няўжо я гэта так пакіну ў спакоі? Ды ніколі», – сказаў міністр.

Караеў адзначыў, што ход перадвыбарнай кампаніі ягонае ведамства адсочвае, «хто як сябе паводзіць, да чаго заклікае, якія выдае лозунгі».

«Але мы стараемся не мазоліць вочы, не ціснуць на людзей прысутнасцю ў форме», – дадаў ён.

Нагадаем, што падчас затрыманняў актывістаў цягам апошніх тыдняў міліцыянты былі ў цывільным.

***

  • Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адна з прысутных на пікеце жанчын стала правакаваць канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім, які адмаўляўся адказваць на яе пытанні і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў.
  • Агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек, у іх адбыліся ператрусы. 9 траўня СК паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) КК Беларусі. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364.
  • Праваабарончыя арганізацыі Беларусі лічаць інцыдэнт у Горадні правакацыяй, яны прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць вызвалення блогера. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць увесці новыя санкцыі.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 7-х абвінавачаных у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Яны запатрабавалі неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Фурманава, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Васіля Баброўскага, Арцема Сакава і Уладзіміра Навуміка.
Hавiны
Ад былога амапаўца да праграміста. Што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага»
2020.06.11 16:04

КА belsat.eu

Стужка навінаў