Кандрусевіч заклікае змагацца з прапагандаю «нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напісаў адкрыты ліст кіраўніку Беларусі.

У ім Кандрусевіч звяртае ўвагу на адсутнасць у публічным доступе законапраекту аб барацьбе з хатнім гвалтам.

«Абмеркаванне такіх важных для нашага грамадства законапраектаў павінна весціся з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі веравызнанняў, якія на працягу стагоддзяў прапаведуюць фундаментальныя сямейныя каштоўнасці і вучаць такім адносінам паміж членамі сям’і, якія выключаюць насілле. На жаль, гэтыя законапраекты пакуль што недаступныя для грамадскасці, што спараджае разнастайныя чуткі і здагадкі», – гаворыцца ў лісце.

Паводле арцыбіскупа, «задачу адраджэння сям’і, а таксама традыцыйных сямейных і маральных каштоўнасцяў нашаму грамадству даводзіцца вырашаць у няпростых сацыяльна-эканамічных абставінах і ва ўмовах прапаганды антыхрысціянскай сямейнай ідэалогіі і тэндэнцый прыняцця заканадаўчых актаў, якія супярэчаць традыцыям беларускага народа».

«Вельмі хацелася б пазнаёміцца з прапановамі адносна новай канцэпцыі закона аб барацьбе з хатнім насіллем, каб мець магчымасць грунтоўна і ўсебакова іх абмеркаваць у працэсе адкрытай дыскусіі. Бо калі некаторыя змены, пра якія вядзецца дыскусія ў СМІ, набудуць сілу закона, то яны могуць прывесці да несправядлівага пераследу добрасумленных бацькоў за самае нязначнае і бяскрыўднае «пакаранне» дзіцяці ў мэтах яго бяспекі, выхавання і дысцыпліны», – піша Тадэвуш Кандрусевіч.

У лісце да Аляксандра Лукашэнкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі таксама выказвае спадзяванне, што беларускае заканадаўства будзе больш эфектыўна змагацца з «прапагандаю нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў».

«Зразумела, што пры любых зменах у заканадаўстве неабходна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі і ўлічваць духоўныя каштоўнасці беларускага народа, а не ісці ўслед за згубнымі секулярнымі тэндэнцыямі, у тым ліку за гендарнай ідэалогіяй, якая вядзе да разбурэння традыцыйнай сям’і. Таму вельмі спадзяюся, што беларускае заканадаўства яшчэ больш выразна паставіць перашкоду прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў, афішаванню і пазітыўнаму паказу садомскага ладу жыцця», – мяркуе Кандрусевіч.

Законапраект аб барацьбе з хатнім гвалтам можа быць прыняты ў 2019 годзе. Ён прадугледжвае забарону на ўжыванне любых формаў гвалту ў дачыненні да дзяцей, а таксама акрэсліць, што такое «эканамічны гвалт» і «дамаганне».

ЮВ, belsat.eu

Hавiны