Канапацкая распрацавала законапраект пра пенсію для Лукашэнкі


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падрыхтавала законапраект «Аб гарантыях прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і чальцам ягонай сям’і». Дакумент яна апублікавала ў «Facebook’у».

У бліжэйшы час Канапацкая плануе ўнесці законапраект на разгляд Палаты прадстаўнікоў.

«Пакідаючы за дужкамі пытанне якасці выбараў у Беларусі, мяркую неабходным выконваць усе асноватворныя дэмакратычныя прынцыпы, у тым ліку ў дачыненні да былых чыноўнікаў, дэпутатаў, прэзідэнтаў, забяспечыўшы іх на заканадаўчым узроўні», – заявіла дэпутатка.

Паводле яе, сёння ў беларускім заканадаўстве ў пытаннях пераемнасці і змяняльнасці ўлады маецца істотны прабел, які і мае выправіць законапраект.

Ганна Канапацкая. Фота https://www.facebook.com/anna.kanopatskaya

Дакумент прапануе забяспечыць былому прэзідэнту Беларусі пажыццёвую ахову, медычнае абслугоўванне, пенсію ў 75 % ад заробку прэзідэнта. Яму плануецца дазволіць карыстацца ўрадавай сувяззю, мець памочнікаў і жыць у адной з рэзідэнцыяў. Таксама службовы транспарт і медычнае абслугоўванне прапануецца надаць і блізкім сваякам былога кіраўніка дзяржавы.

Ягоныя жыццё і здароўе павінны быць застрахаваныя за кошт бюджэту на суму, роўную гадавому заробку дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, ці будзе балатавацца на шосты тэрмін
2019.11.17 12:08

Таксама былы прэзідэнт павінен валодаць недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць мусяць ахоўвацца законам. Яго нельга прыцягнуць да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні падчас выканання паўнамоцтваў прэзідэнта. Таксама забараняецца затрымліваць экс-кіраўніка краіны, арыштоўваць, падвяргаць ператрусу і допыту падчас следства паводле справаў, звязаных з выкананнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Пасля смерці былога прэзідэнта дакумент прапануе выплачваць чальцам яго сямʼі штомесячную дапамогу ў дзесяціразовым памеры сацыяльнай пенсіі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў