Супрацоўнікі Бярэзінскага РАУС ноччу вярталіся з выкліку і нечакана пабачылі на дарозе мядзведзя.
Інцыдэнт адбыўся на 128-ым кіламетры дарогі Менск-Магілёў. Участковы інспектар міліцыі Анатоль Галуза і міліцыянт-кіроўца аператыўна-дзяжурнай службы Васіль Тарасевіч, вяртаючыся з выкліку ў РАУС, пабачылі на абочыне мядзведзя, які бег насустрач.
Разважыўшы, што жывёла можа стаць прычынай ДТЗ, міліцыянты ўключылі пробліскавыя маячкі, развярнуліся і вярнуліся да месца, дзе пабачылі драпежніка, паведамляе намеснік начальніка Бярэзінскага РАУС Мікалай Аўтухоў.
Мядзведзь працягваў бегчы на абочыне дарогі. Міліцыянты вырашылі накіраваць яго ў гушчар лесу. Для гэтага яны не хутка пераследавалі жывёлу, дадаўшы да пробліскавых маячкоў гукавыя сігналы. У выніку мядзведзь змяніў свой маршрут: пераскочыў праз раздзяляльную паласу і праз некалькі секунд знік за дрэвамі на супрацьлеглым баку.
Учора belsat.eu пісаў пра мядзведзя, якога пабачылі ля вёскі Жалезнякі, што на Віцебшчыне.
НМ, belsat.eu