Каля 600 хворых на пнеўманію ляжаць у ЦГБ Берасця


Амаль 600 пацыентаў з пнеўманіяй лечацца ў берасцейскай гарадской больніцы, з іх 90 маюць пацверджаны дыягназ COVID-19, піша Zarya.by

Сітуацыю галоўны лекар Алег Вялічка ахарактарызаваў як «дастаткова стабільную». У сярэднім паступае ад 30 да 50 пацыентаў у дзень.

«У 20-х чыслах красавіка некаторыя аддзялення больніцы былі перапрафіліяваны на аказанне дапамогі хворым з пнеўманіяй з Берасця і Берасцейскага раёну. Такое рашэнне было прынята, каб засяродзіць хворых у адным месцы, улічваючы, што сярод іх ёсць выпадкі, выкліканыя вірусам COVID-19. Гэтыя аддзялення былі названыя інфекцыйнымі і ўводзіліся паступова, па меры неабходнасці. На сёння пад лячэнне пнеўманіі ў нашай больніцы абсталявана 680 ложка-месцаў», – адзначыў ён.

Паводле галоўнага лекара, у шпіталі быў дзясятак кіслародных канцэнтратараў, але калі стала зразумела, што сітуацыя абвастраецца, набылі яшчэ 17. Заказ на пастаўку яшчэ дзесяці будзе выкананы ў траўні.

Берасцейская цэнтральная гарадская больніца.
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

На базе аднаго з аддзяленняў арганізаваны кантакт-цэнтр для тых, хто пасля змены не сыходзіць дадому, каб не падвяргаць рызыцы заражэння блізкіх. У асноўным, гэта супрацоўнікі рэанімацыйнага аддзялення.

«Колькасць выпісаных кожны дзень расце. На сёння іх ужо больш за 400. І гэта радуе. Але, разам з тым, спрашчаць сітуацыю ні ў якім разе не трэба. Па-ранейшаму вельмі важна выконваць рэкамендаваныя меры і правілы паводзін – мыць рукі, насіць ахоўныя маскі, не збірацца вялікімі кампаніямі, дзе адначасовы рызыка інфікавання ўзрастае ў разы.

У нас ёсць, на жаль, выпадкі, калі з-за грэбавання такімі мерамі ў ЦГБ паступілі адразу чатыры сям’і з аграгарадка Страдзеч Берасцейскага раёну», – распавёў Алег Вялічка.

Асобныя дадзеныя па колькасці інфікаваных у Берасцейскай вобласці ўлады не агучвалі апошнія тры тыдні.

КА belsat.eu

Стужка навінаў