Каля 250 чалавек прайшлі па Берасці з лозунгам «Лукашэнка, сыходзь»

Акцыя ў Берасці, 3 траўня 2020 г. Фота: Мілана Харытонава/belsat.eu

Акцыя пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў нядзелю, 3 траўня, сабрала каля 250 удзельнікаў, перадаюць карэспандэнты belsat.eu з месца падзеі.

Такую лічбу падае і берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

Людзі сабраліся на цэнтральнай плошчы гораду, адкуль шэсцем прайшлі па пешай вуліцы Савецкай. Абсалютная большасць была ў масках і намагалася захоўваць бяспечную дыстанцыю. Адной з тэмаў, якія актыўна абмяркоўваліся, было тое, што затрыманыя раней на 15 содняў актывісты Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк не з’явіліся сёння на акцыі. У ІЧУ іхным паплечнікам паведамілі, што тыя «выбылі».

Як і ў мінулую нядзелю, удзельнікі акцыі скандавалі «Лукашэнка, сыходзь!», «Чыноўнікаў на нары», «Свабоду актывістам» ды іншыя лозунгі.

Людзі прыйшлі ў масках і намагаліся трымаць дыстанцыю. Фота: Мілана Харытонава/belsat.eu
Удзельніца акцыі. Фота: Мілана Харытонава/belsat.eu

Паводле інфармацыі ад нашых карэспандэнтаў, акцыю суправаджала вельмі шмат міліцыянтаў у цывільным, якія вялі аператыўную здымку.

Жыхары Берасця ўжо больш за 2 гады кожную нядзелю збіраюцца на галоўнай плошчы гораду, каб карміць галубоў на знак пратэсту. Фота: Мілана Харытонава/belsat.euПадтрымаць пратэстоўцаў прыехаў старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які бярэ ўдзел у кампаніі праймарыз апазіцыі.

Юрась Губарэвіч на акцыі ў Берасці. Фота: Мілана Харытонава/belsat.eu
Фота: Мілана Харытонава/belsat.eu

Пасля заканчэння акцыі сілавікі ў цывільным затрымалі аднаго ўдзельнікаў мітынгу, які нёс сцяг гораду Берасце.

«Мы не ведаем прозвішча затрыманага. Яго імя Андрэй, ён ішоў на чале калоны са сцягам. Магчыма таму яго і затрымалі. Адразу ж, калі акцыя завершылася, да яго падышлі чатыры чалавекі ў цывільным і затрымалі яго. Але дзе цяпер затрыманы, ці адпусцілі яго, мы не ведаем», – распавёў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

***

Жыхары Берасця ўжо больш за 2 гады кожную нядзелю збіраюцца на галоўнай плошчы гораду, каб выказаць нязгоду з будаўніцтвам акумулятарнага заводу «АйПауэр» – яго лічаць небяспечным для наваколля і здароўя. Нягледзячы на абурэння часткі мясцовага насельніцтва, завод атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паступова пратэст супраць заводу набывае рысы палітычнага пратэсту супраць дзеючай улады.

«Лукашэнка сыходзь!» У Берасці – чарговая акцыя пратэсту супраць акумулятарнага заводу

КА belsat.eu

Hавiны