«Калізіяў не выяўлена». Канстытуцыйны суд адказаў Вользе Чайчыц і Андрусю Козелу


Журналісты падавалі скаргу ў найвышэйшую судовую інстанцыю краіны, патрабуючы прыбраць з нарматыўных актаў неадпаведнасці Канстытуцыі.

«Мы падавалі скаргу, бо нас увесь час ушчамляюць у канстытуцыйным праве на збор і распаўсюд інфармацыі. Штрафы, якія нам навешваюць, як раз такі яму супярэчаць. Да таго ж артыкул 22.9 не можа выкарыстоўвацца адносна фізічных асобаў, а толькі юрыдычных і рэдакцыяў СМІ. Канстытуцыйны суд не пабачыў, што тут ёсць нейкае парушэнне. Таму я лічу, што сэнсу ад існавання такой інстанцыі ў нашай краіне няма. Замест таго, каб узбудзіць справу, напісалі адпіску», – каментуе рашэнне Канстытуцыйнага суду Вольга Чайчыц.

У журналістаў няма магчымасці абскардзіць гэтае рашэнне, яно з’яўляецца канчатковым.

Таксама Вольга Чайчыц паведаміла, што Андруся Козела выклікаюць у Цэнтральны РАУС, па справе, якую адправілі на дапрацоўванне.

За мінулы год працоўны тандэм за супрацу з «Белсатам» атрымаў штрафаў на суму 8556 рублёў. За першыя два месяцы 2018-га іх ужо пакаралі грашовымі спагнаннямі на 100 базавых велічыняў (2450 рублёў).

5 сакавіка фрылансэраў чакае чарговы суд у Дзяржынску. Гэтым разам іх будуць судзіць за сюжэт, дзякуючы якому жыхарам Фаніпаля выдалі ключы ад кватэраў.

Сёлетні ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», стаўся працягам беспрэцэдэнтнага леташняга пераследу. Толькі судовых працэсаў у мінулым годзе адбылося больш за 60.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў