Калі заканчваюцца ветэраны, у бой ідуць стрыптызёркі

Рэклама начных клубаў з заклікам «Приди и победи», парад «дашкольных войскаў», казакі ды «славянска-арыйскія ведуны» на тэматычных фэстах да 9 траўня – усё гэта эстэтыка Дня Перамогі ў ягоным сучасным прачытанні. Тэма – «вечная», а вось інтэрпрэтацыі – новыя.

Дзень Перамогі – адна з асноваў крамлёўскай ідэалогіі. Без Суворава, Пятра І, Ушакова і Кацярыны ІІ Масква можа абысціся, а вось без 9 траўня – не. Як добрую страву, гэты дзень варта толькі правільна падаць да стала – разам з праваслаўнымі малебнамі ды элементамі эротыкі (больш маладых дзяўчат з георгіеўскімі стужкамі). Чаму так?

Пераможны міф

Па-першае, тая вайна – фактычна адзіная, у якой Масква на працягу ХХ ст. апынулася сярод пераможцаў. Такі самы пераможны міф ХІХ ст. – вайна 1812 года. Дробныя канфлікты, што цікава, Расея найчасцей прайграе: ад крымскай вайны да Афганістану. Таму менавіта мы не прыгадаем вершаў пра фінскую вайну, затое добра памятаем «Барадзіно» Лермантава і «Эх, дарогі» Твардоўскага. Усё слушна – навошта згадваць паразы?

Па-другое, Масква перамагла Нямеччыну не адна, але з хаўруснікамі, з якімі пасля і дзяліла свет. Нацызм як ідэалогія асуджаны на міжнародным узроўні. Такім чынам, Расея падкрэслівае свой статус звышдзяржавы, можа пры патрэбе апеляваць да сяброўства з Лонданам ці Вашынгтонам, а часам і прыгадаць: «Мы же спасли вас, а вы «Ночных волков» в Польшу не пускаете, санкции вводите…»

Па-трэцяе, перамога ў вачах расейскага абывацеля знішчае ўяўленне пра Сталіна як пра ката, а пра СССР – як пра ДНР-ЛНР глабальнага маштабу. Маўляў, так, расстрэльвалі-саджалі, але ў вайне ж перамаглі! Не было б моцнай рукі – прайгралі б… І не патрэбныя нікому лічбы тых сасланых-расстраляных, бо народныя масы жывуць эмоцыямі. А эмоцыі гэтыя фармаваліся з дзяцінства акурат на «22 июня, ровно в четыре часа…» ды на фільмах пра Штырліца.

«Бессмяротны полк» у Менску. 9 траўня 2019 г. Фота belsat.eu

Ну і па-чацвёртае, міф Перамогі карысны тым, што на доўгія гады стварыў клішэ ворага – вонкавага і ўнутранага. У кожнай незразумелай сітуацыі свайго апанента можна назваць «фашыстам», кожны пажар параўнаць з Хатынню, жаўнеры ворага – заўжды «карнікі», ну і г. д. А яшчэ ёсць «здраднікі» – тыя землякі, якія чамусьці не трымаюцца «курсу партыі». Ну і далей па спісе: «паліцаі», «гаўляйтэры», «гёбэльсы» – класіка саўковай прапаганды.

Ад 9 траўня да «русского мира»

Ва ўмовах сучаснай крамлёўскай палітыкі, заточанай на пашырэнне «русского мира», міф Перамогі набывае асаблівае значэнне. «Русский мир» ва ўяўленні яго адэптаў не толькі там, дзе размаўляюць на мове Пушкіна, але і тэрыторыя, пазначаная праваслаўнымі храмамі, ленінымі ды… вечнымі агнямі. Атрымліваем формулу: «русский мир» = мова + праваслаўе + помнікі камунізму + культ Перамогі.

Зразумела, што прачытанне гэтага культу непазбежна мяняецца. Раней, пакуль жывыя былі самі ветэраны, гучаў суворы мілітарысцкі пафас і згадка, што ўсё гэта «со слезами на глазах». Сёння слёзы высахлі, большасць ветэранаў адышлі ў лепшы свет, але міф варта падтрымліваць: калі ў вогнішча не падкідаць паліва, нават вечны агонь згасне.

Сказана – зроблена. Невядома адкуль з’яўляюцца байкеры Залдастанава, каляровыя налепкі на машыны і майкі са Сталіным, фотасэты ў форме для дзяцей і дарослых, «можем повторить» ды «несмяротныя палкі». У Маскве рэдка выдумляюць нешта сваё, арыгінальнае (нават пяльмені ды самавар скралі ў суседзяў), затое чужымі тэхналогіямі – у гэтым выпадку заходнім піярам – карыстаюцца выдатна.

Дзень Перамогі пакрысе пераўтвараецца ў сінкрэтычны культ на манер тых, што паўставалі ў Рымскай імперыі цягам яе пашырэння. Туды можна запісаць і сваіх, і чужых багоў, хоць Мікі-Маўса – абы працавала і аб’ядноўвала. Таму на святкаваннях і фэстах побач з апошнімі ветэранамі – артадаксальнымі камуністамі можна сустрэць і бацюшку, і рэканструктараў-тампліераў, і байкераў, і прыхільнікаў «славянска-арыйскіх ведаў» – на кожны густ.

«Бессмяротны полк» у Менску. 9 траўня 2019 г. Фота belsat.eu

«Мірнае неба над галавой»

І Беларусі ў гэтай сітуацыі не пашчасціла. Што ў плане мовы, што ў плане рэлігіі, што ў плане ленінаў – усё супадае з расейскай мадэллю. Самае смелае, на што наважыўся афіцыйны Менск, падкрэсліваючы суверэнітэт і незалежнасць, гэта абмежаванне гулянняў «Несмяротнага палка» і замена георгіеўскай стужкі на «яблыневы цвет».

Атрымліваецца, што ўсе складнікі ідэалогіі «русского мира» (мова, посткамунізм, праваслаўе, Перамога) і так упісаныя ў нашу дзяржаўную ідэалогію. І ў гэтай вясёлай кампаніі лішнім нечакана можа апынуцца толькі адзін беларускі брэнд: «мірнае неба над галавой». Чаму так? А таму, што камусьці на Усходзе не цярпіцца «паўтарыць».

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў