Калі разбушуецца каронавірус, колькі беларусам спатрэбіцца апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх?


За некалькі тыдняў 60-мільённая Італія пераўтварылася ў вялізны вірусны інкубатар. Італьянская сістэма аховы здароўя не спраўляецца з COVID-19. У шпіталях памірае кожны дзясяты інфікаваны. Чаму так адбываецца? І чаго чакаць беларусам, калі каронавірус абрынецца на нас?

Па стане на 25 сакавіка памерла амаль 10 % інфікаваных каронавірусам у Італіі. Навукоўцы называюць дзве прычыны такой высокай смяротнасці на Апенінскім паўвостраве: адно з самых старых насельніцтваў у свеце, недахоп апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Паміраюць там, дзе мала медыкаў і абсталявання

У Кітаі, дзе пачалася пандэмія каронавіруснай інфекцыі, смяротнасць складае 4,02 % (з улікам эпіцэнтру). У кітайскім эпіцэнтры смяротнасць дасягнула 4,66 %.

У астатніх кітайскіх рэгіёнах памерла 0,87 % ад агульнай колькасці хворых на COVID-19. Большасць інфікаваных у Кітаі памерлі там, дзе была высокая нагрузка на сістэму аховы здароўя.

Кожная плоская лінія на графіку – гэта кітайскі рэгіён з выпадкамі каронавіруса. Любы з іх мог ператварыцца ў Хубэй або Італію, калі б улады не пайшлі на радыкальныя абмежаванні і захады барацьбы з эпідэміяй.

Паміраюць людзі ва ўзросце 60+

Аналіз першых 20 000 заражэнняў у Італіі паказаў, што эпідэмія каронавіруса ў старым грамадстве пры адсутнасці неабходнай колькасці медабсталявання можа забіць мінімум 7-8 % ад агульнай колькасці інфікаваных. Па стане на 17 сакавіка каля 42 % памерлых ад COVID-19 у Італіі былі людзі ва ўзросце 80-89 гадоў.

Інфаграфіка онлайн-часопіса Амерыканскай медычнай асацыяцыі. Дадзеныя Італьянскага нацыянальнага інстытуту здароўя

Колькі грамадзянаў Беларусі знаходзяцца ў зоне падвышанай рызыкі?

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, па стане на 2019 год на тэрыторыі Беларусі было 650 795 чалавек ва ўзросце ад 60 да 64 гадоў, 507 430 чалавек, якім было ад 65 да 69 гадоў і 933 508 чалавек старэйшых за 70 гадоў. Агулам у Беларусі 2 091 733 асобы (22,08 % – больш, чымся кожны пяты грамадзянін Беларусі) ва ўзросце 60+. З іх 1 497 449 чалавек пражывае ў гарадах – 15,8 % ад усяго насельніцтва краіны.

Дадзеныя за 2019 год (колькасць насельніцтва па стане да апошняга перапісу). Крыніца: Белстат

Менавіта гараджане ва ўзросце 60+ уваходзяць у групу павышанай рызыкі. У выпадку заражэння каронавірусам значная частка з іх можа памерці. У Італіі 95,5 % памерлых – людзі ў гэтай узроставай групе.

Колькасць лекараў на 1000 чалавек насельніцтва

У Італіі ў зоне рызыкі кожны пяты

Для параўнання ў Італіі ў 2017 годзе (паводле World Population Ageing 2017 PDF) людзі ва ўзросце ад 60 гадоў і старэй складалі 29,4 % ад усяго насельніцтва (на 7,32 % больш, чымся ў Беларусі). Каля 20 % італьянцаў ва ўзросце 60+ жывуць у гарадах.

Крывая смерці ад каронавіруснай інфекцыі ў Італіі, ЗША, Кітаі. Па стане на 25 сакавіка ў Расеі і Беларусі не зарэгістравалі ніводнай смерці ад COVID-19

Дзеці пазаражалі бацькоў?

Дарэчы, распаўсюду каронавіруса ў Італіі магло дапамагчы і тое, што 80.6 % італьянцаў ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў жывуць з бацькамі – гэта самы высокі паказнік сярод краінаў Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця (OECD). Для параўнання, у ЗША і Вялікай Брытаніі гэтыя паказнікі складаюць 14,4 % і 13,6 % адпаведна.

«Вентылятар» жыцця

Частка з тых, хто памёр у італьянскіх шпіталях, сталі ахвярамі сістэмы аховы здароўя непадрыхтаванай да такой колькасці хворых з пнеўманіяй, якую можа выклікаць новы каронавірус. Такія пацыенты часта не могуць самастойна дыхаць, бо іхныя лёгкія напаўняюцца вадкасцю.

«Калі ў пацыента сур’ёзныя праблемы са здароўем, праз якія ў яго няма шанцаў выжыць, мы павінны аддаць койка-месца ды іншыя рэсурсы тым, у каго больш шанцаў. Гэта складаны этычны выбар, але нам даводзіцца яго рабіць. Анестэзіёлагам – незалежна ад таго, як гэта будзе пададзена ў медыях, – давозіцца выбіраць, каго яны падключаюць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, а каго не», – распавёў euronews.com 13 сакавіка Маўро ДʼАмброзіа, медбрат больніцы Fatebenefratelli ў Мілане (13 сакавіка ў Італіі было ад 15 да 17 тыс. інфікаваных).

Колькасць смерцяў ад каронавіруса можа быць меншая, калі ў медыкаў ёсць у наяўнасці дастатковая колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але колькі іх патрэбна?

Паводле Цэнтру па кантролю і прафілактыцы захворванняў ЗША (Centers for Disease Control and Prevention), падчас успышкі SARS-CoV-2 у кітайскім Ухані «інтэнсіўнае падтрыманне рэспіраторнай сістэмы» прызначылі 20-30 % шпіталізаваных пацыентаў. Абсалютная большасць з гэтых пацыентаў – людзі з хранічнымі захворваннямі. Іх сярэдні ўзрост – 66 гадоў. 11-64 % з іх былі падключаныя да сістэмаў high-flow oxygen therapy і 47-71 % трэба было падключыць да апаратаў штучнай (механічнай) вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). 3-12 % хворых падключалі да ECMO.

ECMO выкарыстоўваюць, калі ШВЛ не дапамагае вырашыць праблему нізкай канцэнтрацыі кіслароду ў крыві. Пасля падключэння да ECMO кроў чалавека праходзіць праз апарат, які насычае яе кіслародам, забірае вуглякіслы газ і вяртае ў крывяносную сістэму.

27-дзённая дзяўчынка падключаная да апарату ECMO у Johns Hopkins All Children’s Hospital у амерыканскім мястэчку Санкт-Пецярбург (штат Фрарыда).
Фота: Dirk Shadd / Zuma Press / Forum

Колькі такіх «вентылятараў» у Беларусі і іншых краінах

У Беларусі толькі адзін апарат ECMO і знаходзіцца ён у РНПЦ дзіцячай хірургіі. А вось апаратаў ШВЛ больш, чымся ў ЗША. Паводле дадзеных амерыканскага Універсітэту Джонса Хопкінса, на 100 тыс. жыхароў ЗША прыходзіцца 18,8 апаратаў ШВЛ (агулам 68 000 шт).

«У краіне амаль 2200 рэанімацыйных ложкаў, больш за 2 тыс. апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і амаль 1,5 тыс. наркозно-дыхальных апаратаў, якія ў шэрагу выпадкаў могуць выкарыстоўвацца для ШВЛ. Таму абсталявання для рэанімацыйнай службы, правядзення ШВЛ у Беларусі дастаткова», – паведаміў 9 сакавіка журналістам міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.

25 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску Уладзімір Каранік удакладніў, што ў Беларусі амаль 2400 апаратаў ШВЛ. «Агулам наркознага абсталявання 38 адзінак на 100 тыс. насельніцтва», – дадаў міністр.

2400 апаратаў ШВЛ на 9,5 млн насельніцтва – гэта 25 апаратаў на 100 тыс. чалавек. У Расеі гэтая лічба крыху вышэй 27,3 апарата на тыя ж 100 тыс (на ўсю краіну 40 000 шт). У Італіі – 8,3 на 100 тыс. (5000 шт. на 60-мільённую краіну). У 42-мільённай Украіне ўсяго 3850 апаратаў ШВЛ (9,1 ШВЛ на 100 000).

Калі арыентавацца на дадзеныя Centers for Disease Control and Prevention з Кітаю (4-5 % інфікаваных былі падключаныя да ШВЛ) і паверыць у агучаныя міністрам аховы здароўя Беларусі лічбы (25-38 апаратаў на 100 тыс.), то крытычная маса інфікаваных для Беларусі будзе складаць ад 48 000 да 72 000 хворых – успышка на ўзроўні ЗША або Італіі (па стане на 25 сакавіка). Гэты прагноз прадугледжвае, што вірус раўнамерна распаўсюджваецца па тэрыторыі Беларусі і закранае гарады, у якіх сапраўды ўсё ў парадку з апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх.

На жаль, у адкрытых крыніцах няма інфармацыі, колькі і ў якіх рэгіёнах Беларусі ёсць апаратаў ШВЛ. Застаецца спадзявацца, што ўсё не так дрэнна, як у некаторых расейскіх больніцах.

«Мы не гатовыя ні да чаго. Няма расходнікаў, сродкаў абароны, антысептыкаў, апаратуры, рэспіратараў, газавых аналізатараў, падрыхтаванага персаналу. Няма ў патрэбнай колькасці людзей, якія не разгубяцца, калі на іх абрынецца хваля пацыентаў», – распавёў расейскаму выданню novayagazeta.ru на ўмовах ананімнасці анестэзіёлаг з 23-гадовым стажам.

Абнаўляецца.
Мінаховы здароўя: Каранціну не будзе, сітуацыя з каронавірусам у Беларусі кантраляваная
2020.03.25 11:40

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў