«Калі б не змена ўлады ў 1994-м, з войска не вярнулася б 2000 жаўнераў». Мінабароны адказала былому міністру Паўлу Казлоўскаму


Міністэрства абароны адрэагавала на словы былога кіраўніка ведамства Паўла Казлоўскага пра тое, што факты дзедаўшчыны трэба агалошваць публічна.

«Не варта рабіць нейкія высновы, пакуль сваё слова не скажа следства, але, калі факты дзедаўшчыны ёсць, то іх наадварот трэба публічна агалошваць. Не той выпадак, калі, як кажуць, смецце з хаты не выносяць. І трэба біць у званы Міністэрству абароны, каб не паўтарыліся новыя трагедыі», – заявіў экс-міністр у размове з радыё «Рацыя».

16 кастрычніка палкоўнік Уладзімір Макараў напісаў, што ў Паўла Казлоўскага ў свой час «была рэальная магчымасць ажыццявіць рэфармаванне Узброеных сілаў».

«Пасля ж гэтых «рэформаў» экс-міністра наша дзяржава вымушана была ліквідаваць іх наступствы, пачынаючы ад прафілактыкі забойстваў і самагубстваў, – піша палкоўнік Макараў. – У бытнасць яго кіраўніком ваеннага ведамства ў 1994 годзе злачыннасць у арміі павялічылася ў некалькі разоў, перавысіўшы ўсе паказнікі за ўсю гісторыю нашых Узброеных сілаў».

Палкоўнік Уладзімір Макараў – кіраўнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны

Паводле Уладзіміра Макарава, пры Паўлоўскім «толькі самагубстваў здзяйснялася каля 40 на 100 тысячаў вайскоўцаў, а колькасць тых, хто загінуў, у 1993–1994 гадах перавысіла 100 чалавек штогод»

«Калі б не змена ўлады ў краіне ў 1994 годзе, якая спыніла ўвесь гэты бардак у дзяржаве і войску, то яшчэ больш за дзве тысячы жаўнераў вярнуліся б дадому «грузам 200», – піша палкоўнік Макараў.

Афіцыйныя звесткі Міністэрства абароны. Каэфіцыент злачыннасці ва Узброеных cілах (колькасць злачынстваў у разліку на 1000 вайсковых службоўцаў)

Паводле вайскоўца, цягам двух гадоў улады Лукашэнкі пачалося рэзкае скарачэнне злачыннасці і здарэнняў у войску, у тым ліку самагубстваў: «Больш чым у два разы толькі за адзін 1996 год».

ДД

Стужка навінаў