«Калі б хацелі – мы б вас акупавалі». Кантэміраўская дывізія пакідае Беларусь




Сёння на станцыі Верайцы пачалася пагрузка бронетэхнікі Кантэміраўскай дывізіі 1-й танкавай арміі, што ўдзельнічала ў вучэннях «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Расейскія вайскоўцы вяртаюцца дадому.

Пагрузка, якая пачалася яшчэ ў першай палове дня 20 верасня, адбываецца ля пасажырскай станцыі на вачах мясцовых жыхароў. Тэхніку таксама добра бачна і з электрычак, што курсуюць паміж Асіповічамі і Менскам.

Расейская тэхніка ў Верайцах

«Усіх ворагаў перамаглі – вось і зʼязджаем», – жартуе расейскі капітан, якога мы сустракаем у краме ля станцыі.

Патруль беларускай камендатуры тлумачыць нам: тыя падраздзяленні, баявая задача якіх ужо была выканана, пачалі пагрузку сёння, яшчэ да афіцыйнага завяршэння манеўраў. Але частка расейскіх вайскоўцаў пакуль застаецца на палігоне.

Расейская тэхніка на станцыі Верайцы

20 верасня ў Верайцах грузіцца Ямпольскі мотастралковы полк Кантэміраўскай дывізіі – байцы з адпаведнымі нашыўкамі нясуць варту з абодвух бакоў чыгункі.

«Жылі мы тут у намётах, побач з палігонам. Шмат нас было. А цяпер вось вяртаемся… Вучэнні прайшлі паспяхова», – распавядае шараговец Ямпольскага палку Андрэй.

Наш суразмоўца – кантрактнік, служыць у войску 1,5 гады. Нарадзіўся ён ва ўкраінскім Днепрапятроўску (цяпер – Днепр), але пражыў усе жыццё ў Расеі. Андрэй упэўнены: Расея – наймагутнейшая краіна ў свеце.

«Калі б мы хацелі вас акупаваць – мы б акупавалі і вы нават не зразумелі б нічога. Проста хадзілі б потым і афігевалі, што сталі расейцамі. Як мы з Крымам зрабілі… Расея – вялікая дзяржава. Яе ніхто ніколі не пераможа», – кажа Андрэй.

Расейская тэхніка ў Верайцах
Расейская тэхніка ў Верайцах

Тым часам кіроўца таксоўкі, што падвозіў нас да Верайцоў, прыгадвае:

«Днямі расейцы ўтапілі танк у вадаёме – грыбнікі фатаграфавалі ды смяяліся. А ўвогуле, стралялі яны і па-за межамі палігона. Проста ля дарогі можна было пабачыць, як страляюць», – кажа ён.

Нагадаем, 20 верасня – фінальны дзень сумесных стратэгічных манеўраў «Захад-2017». Цяпер, паводле інфармацыі Мінабароны, цягам дзесяці дзён расейскія войскі мусяць пакінуць тэрыторыю Беларусі, а беларускія – вярнуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі.

Сёлета да вучэнняў «Захад-2017» была прыкаваная асаблівая ўвага міжнароднай супольнасці. Беларускі бок акрэдытаваў назіральнікаў з 5 краін НАТА і Украіны, а таксама 280 журналістаў.

На брыфінгах прадстаўнікі Мінабароны неаднаразова падкрэслівалі празрыстасць усіх мерапрыемстваў, звязаных з «Захадам-2017». Разам з тым, на адмыслова створаным сайце, акрамя колькасці вайскоўцаў (12700 чалавек) не паведамляліся важныя дэталі.

Напрыклад, не была апублікаваная інфармацыя пра канкрэтныя падраздзяленні 1-й танкавай арміі, што бралі ўдзел у манеўрах, не ўдакладнялася, на які аэрадром прыбывала расейская авіяцыя.

Belsat.eu будзе сачыць за сітуацыяй вакол вываду расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі.

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева; belsat.eu

 

Стужка навінаў