Каханне на каранціне. Каронавірус павялічыць колькасць разводаў


Некалькі тыдняў у хаце з мужам або жонкаю на каранціне можа стаць сапраўдным стрэс-тэстам для сям’і. Навукоўцы і практыкі цвердзяць, што эпідэмія COVID-19 можа зруйнаваць сямейнае шчасце. Чаму так адбываецца?

Філосаф Агюст Конт дабіваўся дазволу на развод з жонкаю 17 гадоў. У часы, калі жыў айцец сацыялагічнай навукі, развесціся было значна цяжэй, чымся памерці ад віруснай інфекцыі. Цяпер развод – звычайная фармальнасць. Падчас эпідэміі і каранціну сямейныя пары будуць часцей карыстацца правам сказаць адзін аднаму «бывай». На жаль, гэта навуковы факт.

Рэкордная колькасць разводаў у Кітаі

У сярэдзіне сакавіка кітайскі таблоід «Global Times» паведаміў, што офісы рэгістрацыі шлюбаў у горадзе Сіань, сталіцы правінцыі Шэньсі, зафіксавалі рэкордную колькасць заяваў на развод. ЗАГСы ў гэтым горадзе распісалі сваю працу на некалькі тыдняў наперад. Мясцовыя чыноўнікі звязваюць такую лавіну разводаў з каранціннымі захадамі і неабходнасцю праводзіць шмат часу разам. Ня выключана, што гэта былі запланаваныя разводы, бо праз эпідэмію кітайскія офісы рэгістрацыі шлюбаў былі зачыненыя.

Паводле «Bloomberg», у кітайскім горадзе Міло склалася падобная сітуацыя. Адвакат Стыў Лі з Шанхаю, які займаецца разводамі, паведаміў «Bloomberg», што ў другой палове сакавіка, калі ў горадзе аслабілі каранцін, колькасць ягоных кліентаў вырасла на 25 %.

Вядомая брытанская адвакатка баранеса Фіона Шэклтан мяркуе, што эпідэмія павялічыць колькасць разводаў.

«Звычайна пік разводаў прыпадае на восень услед за летнімі адпачынкамі і пасля калядных вакацыяў. Можна толькі ўявіць, што будзе з сем’ямі, якія так доўгага сядзяць у хатах пад замком», – сказала Шэклтан у каментары выданню «The Telegraph».

Колькасць разводаў будзе расці

Доктар псіхалагічных навук Кэтрын Коэн з Pennsylvania State University зрабіла ў 2002 годзе даследаванне пра ўплыў урагану Хуго (1989 год) на колькасць разводаў, шлюбаў і нараджальнасць у штаце Паўднёвая Караліна. З даследавання вынікае, што прыродны катаклізм паспрыяў росту разводаў у гарадах, якія пацярпелі ад стыхіі.

Стрэсавыя сітуацыі правакуюць нас з большай упэўненасцю прымаць лёсавызначальныя рашэнні, гаворыцца ў даследаванні. Тыя, хто моўчкі хацеў разводу, на фоне катастрофы могуць урэшце сказаць партнёру пра сваё «больш не магу». Той жа механізм дзейнічае, але ў адваротны бок, у выпадку шлюбаў – быць разам, калі ўсё гарыць і палае, прасцей.

Пік разводаў пасля ўрагану. Графік з даследавання Кэтрын Коэн «Змены структуры сем’яў і стыхійныя бедствы: шлюб, нараджэнне і развод пасля ўрагану Хуго»

У 2010 годзе даследчыца праверыла сваю тэорыю яшчэ раз. Яна прасачыла за статыстыкай разводаў у ЗША пасля тэрарыстычнай атакі на World Trade Center (11 верасня 2001 года). Рэакцыя амерыканцаў была падобная на тое, што адбылося пасля ўрагану Хуго.

Паводле Кэтрын Коэн, пандэмія COVID-19 будзе мець падобны ўплыў на структуру сем’яў, як і ў выпадку іншых прыродных або тэхнагенных катастрофаў – колькасць разводаў няўмольна будзе расці.

Hавiны
Хатні гвалт як пабочны эфект самаізаляцыі
2020.04.08 15:21

Што рабіць, каб шлюб не рассыпаўся падчас каранціну?

  1. Не кажыце адзін аднаму дзяжурных фразаў: «усё будзе добра», «гэта дробязь», «перажывем», «не пераймайся». Ваш партнёр можа ўспрыняць гэта не як падтрымку, а як абясцэньванне перажыванняў або адсутнасць сапраўднай увагі.
  2. Давайце свайму партнёру/цы магчымасць пабыць сам-насам з самім сабой. Асабліва, калі ў вас ёсць дзеці. Паваляцца ў ванне, пагуляць у FIFA, павышываць крыжыкам – усё, што падбудуе дзэн другой асобы. Нават, калі вам гэта падаецца марнаваннем часу.
  3. Варушыцеся! Можна заняцца спортам або мясіць цеста на піццу.
  4. На каранціне ўсе вашыя фрустрацыі, страхі, дэпрэсіўныя станы і ўсплёскі агрэсіі будуць накіраваныя на партнёра. Эмоцыі – гэта нармальна. Навучыцеся выбачаць і выбачацца.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў