Качанава загадала прыпыніць высечку дрэваў у Грушаўскім скверы

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава і кіраўнік Менгарвыканкаму Анатоль Сівак 25 студзеня наведалі Грушаўскі сквер, які мясцовыя жыхары абараняюць ад забудовы, каб захаваць дрэвы.

Пра візіт паведамляюць актывісты ў адмысловай суполцы ў Facebook і ў тэлеграм-канале «Грушвіль».

Паводле іх інфармацыі, на сустрэчу з чыноўнікамі быў выкліканы дырэктар кампаніі-забудоўшчыка ТАА «Датч Стар» Дзяніс Заморац.

«У выніку агляду скверу і прылеглай тэрыторыі забудоўніку было дадзена вуснае прадпісанне на час праверкі забараніць высечку дрэваў і правядзенне далейшых будаўнічых работ», – гаворыцца ў тэлеграм-канале.

Таксама вядома, што наступная сустрэча актывістаў з гарадскімі ўладамі ў Менгарвыканкаме прызначаная на панядзелак.

Тым часам у скверы на дрэвах з’явіліся вось такія шыльды з надпісам «#Безцепейбензопил».

Фота з сацыяльных сетак

Нагадаем, 23 студзеня актывістаў запрасілі да Качанавай, дзе людзі паскардзіліся, што будаўніцтва шматпавярховіка ў Грушаўскім скверы знішчыць дрэвы і кепска паўплывае на без таго вялікую шчыльнасць забудовы ў мікрараёне. Яны таксама паскардзіліся на «хамскае стаўленне адміністрацыі раёну», а Качанава, у сваю чаргу, паабяцала, што «людзі з хамскім стаўленнем працаваць не будуць».

Абаронцы Грушаўскага скверу сустрэліся з Качанавай

Актывісты таксама запісалі відэазварот да кіраўніка дзяржавы з патрабаваннем вырашыць праблему.

ІІ belsat.eu

Hавiны