Качанава сустрэлася з кіраўніком Адміністрацыі Пуціна і заключыла мемарандум аб супрацы


Кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава 27 снежня ў Маскве сустрэлася з расейскім калегам Атонам Вайно. Бакі заключылі мемарандум аб супрацы, паведамляе сайт Крамля.

«Дакумент прадугледжвае актыўнае ўзаемадзеянне ў пытаннях дзяржаўнай службы і падрыхтоўкі кадраў, абмен досведам у галіне нарматворчай дзейнасці і юрыдычнай экспертызы, правядзенне кансультацый у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій», – гаворыцца ў паведамленні.

У аўторак, 25 снежня, перамовы ў Маскве правялі прэзідэнты Расеі і Беларусі. Па выніках было прынята рашэнне аб стварэнні рабочай групы для ўрэгулявання надзённых пытанняў у двухбаковым парадку дня. Лукашэнка і Пуцін дамовіліся сустрэцца яшчэ раз да Новага году.

Дата сустрэчы пакуль афіцыйна не прызначаная. Аднак, паводле непацверджанай інфармацыі, што распаўсюджваецца ў сеціве, наступныя перамовы могуць прайсці ўжо 31 снежня.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў