Качанава: «Прымаць экстраныя меры, я думаю, пакуль няма неабходнасці»


Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава ў вечаровым эфіры «Беларусь 1» у аўторак заявіла, што няма неабходнасці прымаць экстраныя меры ў сувязі з распаўсюдам каронавірусу.

Паводле яе, «меры павінны быць адэкватныя той сітуацыі, якая складаецца ў краіне».

Па стане на 30 сакавіка ў Беларусі зафіксавана 152 выпадкі інфікавання. Пасля гэтага Мінздароўя больш не называла агульную лічбу выяўленых выпадкаў у краіне.

«Можна ж было сёння ўсё зачыніць, і далей што? Як жыць людзям? Людзі павінны карміцца, людзям трэба працаваць, людзі павінны вучыцца. Калі браць лічбы, якія ёсць у нас, па захворванні каронавірусам і іншымі інфекцыйнымі хваробамі, яны сёння дазваляюць нам працаваць, і працаваць нармальна. Прымаць экстранныя меры, я думаю, пакуль няма неабходнасці», – сказала Качанава.

Яна таксама заявіла, што пра каронавірус часам распаўсюджваецца «абсалютна хлуслівая» інфармацыя і заклікала не распаўсюджваць чуткі.

«Мы павінны распачаць усе меры для таго, каб баланс захоўваўся: аказваючы дапамогу па каронавірусе, не забываць, што ёсць людзі, якія хварэюць іншымі хваробамі», – дадала яна.

Аб’ектыў
У свеце працягваецца каранцін, у Беларусі – спартовыя спаборніцтвы
2020.03.29 21:04

Выказалася Качанава і пра выбары, якія, меркавана, адбудуцца ў Беларусі 30 жніўня.

«Гэта важнае палітычнае мерапрыемства пройдзе ў нашай краіне, я думаю, як заўсёды, арганізавана, дружна, зладжана. Я працавала і ў Менску, і ў рэгіёне, і ведаю актыўнасць нашых грамадзянаў. У мяне няма ніякіх сумневаў, што ўсё будзе ўдала і паспяхова», – лічыць старшыня Савету Рэспублікі.

У бліжэйшым часе верхняя палата Нацыянальнага сходу абмяркуе з ЦВК найбольш прымальную дату для правядзення прэзідэнцкіх выбараў, дадала Качанава.

КА belsat.eu

Стужка навінаў