Кабанаў: падчас ператрусу ў доме Ціханоўскага знайшлі 900 тысяч долараў


Каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Берасцейшчыне Аляксандр Кабанаў паведаміў belsat.eu, што падчас ператрусу на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскім раёне следчая група знайшла 900 тысяч долараў.

Як стала вядома Кабанаву ад сяброўкі Ціханоўскага, якая прысутнічала пры ператрусе, працэдура праводзілася тройчы трыма рознымі групамі.

«Учора ў Менску следчыя забралі маці Сяргея (яна дапамагала Святлане даглядаць дзяцей) і яны выехалі ў Гомельскі раён, на лецішча Сяргея. Пасля абеду пачаўся вобшук. Яны абшукалі ўсе збудаванні на ўчастку, забралі дакументы пнеўматычную стрэльбу і збіраліся ўжо ехаць у Гомель у кватэру маці. Аднак чамусьці засталіся нібыта пачакаць начальства», – кажа Кабанаў.

Потым змянілася яшчэ адна група, якая паўторна правяла вобшук і нічога больш не выявіла. Але і пасля гэтага следчыя засталіся чакаць на лецішчы.

«Каля часу ночы прыехала трэцяя група – маладыя хлопец і дзяўчына. Яны з панятымі зайшлі ў дом і знайшлі там 900 тысяч долараў у двух розных месцах. Прычым не ў тайніках, нічога не ўскрывалі, а проста сярод рэчаў, якія раней перагледзелі папярэднія групы. Купюры былі новыя», – распавядае Кабанаў.

Паводле ягонай інфармацыі, ператрус у Святланы Ціханоўскай у менскай кватэры не праводзіўся. У кватэры маці Сяргея ў Гомлі ён мусіць адбыцца сёння.

***

  • Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай.
  • Затрыманне адбылося пасля таго, як адна з прысутных на пікеце жанчын справакавала канфлікт з Ціханоўскім, прыбылі міліцыянты, завязалася штурханіна. У выніку міліцыянт упаў, яго забрала хуткая дапамога.
  • 30 траўня МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў. Паводле міліцыі, пацярпелі двое працаўнікоў, яны шпіталізаваныя.
  • Агулам у рамках справы затрыманыя 9 асобаў, частка з іх пераведзеная ў менскае СІЗА №1 на Валадарскага, у большасці прайшлі ператрусы.
  • Спіс затрыманых:
  • Сяргей Ціханоўскі
  • Яўген Разнічэнка
  • Зміцер Фурманаў
  • Вяргілій Ушак
  • Уладзімір Навумік
  • Аляксандар Арановіч
  • Сяргей Калмыкоў
  • Васіль Баброўскі
  • Арцём Сакаў

Пераслед і затрыманні прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага працягваюцца па ўсёй краіне.

З 24 траўня людзі ў розных гарадах Беларусі становяцца ў кіламетровыя чэргі, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую.

Hавiны
Сотні людзей па ўсёй краіне стаяць у чэргах, каб пакінуць подпіс за кандыдатаў у кандыдаты
2020.05.31 15:18

КА belsat.eu

Стужка навінаў