«Каб грошай было болей, а кошты – ніжэйшымі». Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў


Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Белсат» сабраў асноўныя тэзы Валера Цапкала і каментары жыхароў Бараўлянаў, з якімі сустрэўся палітык.

Ускраіна аграгарадка Лясны Менскага раёну – спалучэнне вобразу камфортнага сучаснага жыцця ў некалькіпавярховых дамах з гмахамі звыклых панэляў. Побач гіпермаркет і шэраг гандлёвых шапікаў і месца сустрэчы з мясцовымі патэнцыйнага кандыдата Валера Цапкалы.

Са сталіцы да Бараўлянаў можна дабрацца Лагойскім трактам. Пасёлак вонкава ды інфраструктураю ўсё больш нагадвае райцэнтр. Практычна на ўездзе знаходзіцца крама «ГІПА» – найбуйнейшая ў мікрараёне Зялёны бор, – таму людзей і аўтамабіляў тут заўсёды шмат. Гэтае месца абраў для сустрэчы з выбарцамі патэнцыйны кандыдат Валерый Цапкала.

На месца сустрэчы Валер у кампаніі жонкі Веранікі і з невялікай камандай падтрымання прыехаў без спазненняў. Іх тут жа атачылі людзі, утварыўшы шчыльнае кола. Дыялог з удзельнікамі пікету былы дыпламат вёў спакойна, уважліва выслухаў пытанні і даў адказы, падмацаваныя прыкладамі са свайго досведу камунікацыі з рознымі краінамі.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Людзей цікавіць меркаванне кандыдата пра медычную, падатковую, судовую сістэмы, адукацыю, войска, яго планы па рэформах. І па кожным пытанні, падаецца, ён знаходзіць водгук у людзей. Не абышлося без гумарыстычных выпадкаў. На прызнанне дзяўчыны ў яе прыхільнасці да Цапкала, як кандыдата, хтосьці аджартаваўся: «Вы такое кажаце пры жонцы!». Па натоўпе пранёсся смех.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Апладысментамі бараўлянаўцы сустрэлі прапанову ствараць канкурэнцыю між чыноўнікамі, каб яны імкнуліся развіваць давераную ім галіну адказнасці, вучыліся дамаўляцца з людзьмі, а не толькі выконваць спушчаныя зверху загады. Мясцовыя як ніхто ведаюць, як цяжка адстойваць свае правы ў кабінетах, бо ўжо 2,5 гады вядуць барацьбу за лясны масіў ля пасёлку Вопытны.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Узнікалі ў людзей і вострыя пытанні, як пра выслугу ў сям’і Лукашэнка ў мінулым. На што Валерый Цапкала цвёрда адказаў:

«Я служыў Беларусі, а не ягонай сямʼі».

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Запыталіся ў прэтэндэнта ў кандыдаты і пра будучыню сённяшняга кіраўніка дзяржавы, калі ўлада ўсё ж зменіцца.

«Будзе грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, які будзе хадзіць у крамы, цікавіцца жыццём людзей, размаўляць з імі. Магчыма, будзе займацца якім-небудзь хобі сваім, напрыклад, вырошчваць кавуны. Выкладчыцкай дзейнасцю, кансультаваннем міжнародным, магчыма ён будзе запатрабаваным і нейкія краіны звернуцца да яго. Як я – грамадзянін, займаюся тым, чым хачу, так і ён будзе займацца тым, чым захоча», – адказаў Валерый Цапкала з доляй іроніі.

Сустрэча цягнулася амаль 1,5 гадзіны. Увесь гэты час па натоўпе «гулялі» пашпарты ад іх уладальнікаў да ініцыятыўнай групы і назад. Не хацелі людзі адпускаць Валерыя і пасля афіцыйнага сканчэння пікету, намагаючыся дагнаць параю пытанняў.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Абсалютна натуральна, што людзей цікавіць рост дабрабыту і развіцця, новыя працоўныя месцы, пажадана з высокаю аплатай. Спектр пытанняў даволі шырокі. Пытаюцца нават якім чынам нам рэфармаваць машынабудаўніцтва», – каментуе свае сустрэчы з выбарцамі Валерый Цапкала Belsat.eu.

Інтарэс людзей да новых асобаў у гэтай перадвыбарнай барацьбе, прэтэндэнт лічыць абумоўленым жаданнем пераменаў:

«Без пераменаў няма развіцця. Сёння сапраўды галоўнай умовай развіцця і эканомікі, і грамадства, і бізнесу – зʼяўляецца гатовасць да змяненняў. Мы самі павінны змяняцца, унутры сябе, мы павінны пастаянна вучыцца, удасканальвацца, даведвацца штосьці новае. Кожны чалавек абавязаны гэта рабіць. Грамадства павінна трансфармавацца, прыстасоўвацца да новых умоваў. Паглядзіце, калі я сядзеў за школьнай партай ці ў студэнцтве, лічыў, што канкурую са сваім суседам. Цяпер жа не так. Цяпер кожны беларускі школьнік канкуруе са школьнікам з Шанхая, ці са студэнтам з Оксфарду ці Кэмбрыджу. Бо свет стаў глабальным. І калі мы будзем не канкурэнтаздольнымі, то будзем, выбачаюся, прыбіраць адкіды за іншымі, знаходзячыся на самай ніжняй ступені эканамічнага развіцця з малымі заробкамі, бруднымі вытворчасцямі, з дрэннымі ўмовамі працы».

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Зацікаўленасць у людзей выклікае не толькі асоба Віктара, невялікая суполка людзей сабралася вакол Веранікі Цапкалы. Адная з жанчын, не стрымліваючы слёз, дзякавала ёй за надзею на лепшае жыццё.

«У ягоным рашэнні пайсці ў кандыдаты няма нічога дзіўнага. Я лічу, да гэта ён ішоў усё сваё жыццё. Усе гэтыя гады ён нарыхтоўваў досвед. Мы з ім шмат ездзім, я бачу ўзровень тых людзей, з якімі ён сустракаецца: міністры, кіраўнікі краін, вядучыя навукоўцы. Натуральна, я разумела, што гэта не проста так. Да ўсяго ён вельмі скрупулёзна вывучае міжнародны досвед, найлепшыя практыкі, рэформы. Таму для мяне гэта лагічны крок у яго карʼеры», – зазначыла патэнцыйная першая лэдзі.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Наконт таго, ці не баяцца яны правакацыяў у дачыненні да сябе, Вераніка адказала проста: «У нас ёсць вера ў беларускі народ і гэта дае нам сілы».

Малады раварыст пасля сустрэчы прызнаўся, што падпісаўся за Цапкала ў той самы дзень, калі разам з жонкай праявілі салідарнасць з Сяргеем Ціханоўскім і пакінулі подпісы за яго жонку Святлану. На сустрэчу ж ён прыехаў адмыслова з пытаннямі да Валерыя:

«Ад самага пачатку, пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Цапкала сказаў, што выбарчы закон працуе. Пазней ён крыху змяніў сваё меркаванне. Я быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах і мяне цікавіць, ці знаёміўся ён са справаздачамі назіральнікаў, як у нас гэты працэс пабудаваны. Бо верыць у выбары не трэба, трэба ведаць, што такое выбары ў Беларусі».

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Маладзён упэўнены, што гэтая інфармацыя можа быць карыснай для патэнцыйнага кандыдата і лічыць, што да гэтай справы варта ставіцца больш сурʼёзна і прадумаць, як не дапусціць фальсіфікацыяў.

«На самай першай канферэнцыі ён сказаў, што Беларусь не выканала палітычную частку саюзнай дамовы. Значыць мы вінаватыя. Вось мне і хочацца даведацца, а ці памятае Цапкала, якое пытанне ў нас было на рэферэндуме, ці выгадна нам выконваць гэтую дамову, у асаблівасці яе палітычную частку», – запытваецца мужчына.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Асноўная частка людзей разышлася практычна адразу, ля ініцыятыўнай групы засталіся тыя, хто пажадаў пакінуць свой подпіс у падпісных лістах.

«Тое, што я хацеў ад яго пачуць, каб аддаць свой голас – пачуў. Гэта тое, якім чынам ён хоча змяніць краіну. Чалавек адкрыта кажа, калі мы хочам жыць лепей, мы павінны працаваць. Не так як цяпер, на некаторых дзяржаўных прадпрыемствах раздуты штат, людзі прыходзяць і проста адсіджваюць час. Яны не развіваюцца, сядзяць на месцы і ўсяго баяцца. Я згодны жыць у такой краіне, дзе для дабрабыту табе трэба працаваць над сабой. Я гэтага не баюся», – кажа малады чалавек.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Год восем таму я меркаваў, што Цапкала будзе прэзідэнтам, бо назіраў як ён расце. Ну і самае галоўнае – надакучыў!», – пасміхаецца хлопец.

«Прыйшоў, бо патрэбны перамены. У яго ёсць праграма, заснаваная на асабістым досведзе, ведах сусветнай эканомікі развітых краін. Наш шлях зайшоў у тупік», – падзяліўся мужчына.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Я лічу, што пара дзяржавай кіраваць людзям, якія маюць адэкватную сучасную адукацыю, маюць дыпламатычны досвед, а не той, хто выйшаў, прабачце, з калгасу і намагаецца перанесці сваё калгаснае меркаванне на цэлую дзяржаву. Час змяніць 25 гадоў стагнацыі на нешта сучаснае. Беларусі варта выходзіць на міжнародны ўзровень, а не сядзець у дрыгве», – тлумачыць свой выбар малады чалавек.

Калі людзі пачалі разыходзіцца, прадстаўнікі сілавых структур у штацкім перасталі намотваць кола вакол ініцыятыўных групаў, аддаўшы выбар назіранню за працэсам са свайго аўтамабіля.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хрысціна Чарняўская, Ірына Арахоўская, Belsat.eu

Стужка навінаў