«Каб было як у Беларусі». Навошта ў Менск прыехаў прэзідэнт Малдовы


Сяброўства з Еўразвязам ці Еўразійскім саюзам? Меркаванні жыхароў Малдовы падзяліліся. Затое прэзідэнт гэтай краіны дакладна вызначыўся, да чаго імкнуцца, і падобна, яшчэ болей пацвердзіў свой выбар з прыездам у нашую краіну. Ігар Дадон распачаў сёння двухдзённы візіт у беларускую сталіцу, адна з мэтаў якога – пераняць досвед беларускага кіраўніка краіны.

Чаму ж менавіта хоча Дадон навучыцца ў Лукашэнкі?

Прэзідэнт Малдовы яшчэ падчас выбарчай кампаніі быў адкрыта прарасейскім кандыдатам. Пасля Дадон заявіў аб прызнанні анексаванага Крыму часткаю Расеі ды адзіны з еўрапейскіх лідараў пабываў сёлета на маскоўскім парадзе перамогі. З Лукашэнкам малдаўскі прэзідэнт сустракаўся ў красавіку, тады кіраўнік Беларусі патлумачыў новаабранаму калегу, як развязаць усе праблемы ў краіне.

«Ён сказаў: «Ігар, я сутыкаўся з тымі ж праблемамі, з якімі сутыкаешся ты. Зрабі прэзідэнцкую краіну і зможаш развязаць пытанні ўнутры краіны», – дзяліўся з журналістамі Ігар Дадон.

Праблема Дадона ў тым, што Малдова – не прэзідэнцкая рэспубліка

Паўнамоцтвы першай асобы дзяржавы – хутчэй рэпрэзентатыўныя. У парламенце ж большасць утрымліваюць праеўрапейскія сілы, якія здолелі стварыць кааліцыю, нягледзячы на поспех сацыялістаў і камуністаў на выбарах 2014 года – тыя атрымалі ў парламенце 48 мандатаў са 101. Прэзідэнт упэўнены: менавіта ў палітычным ладзе краіны – корань усіх малдаўскіх бедаў.

«Я хачу, каб Малдова была, як Беларусь: патрэбны моцны лідар, патрэбная моцная вертыкаль улады, трэба навесці парадак у эканоміцы, вярнуць тое, што было добрага пры Савецкім Саюзе. Вы змаглі гэта захаваць, а ў нас усё разбурана», – выказаўся лідар Малдовы.

Ці можа ў сябра Лукашэнкі атрымацца жаданае?

Ці захоча нават прарасейскі парламент, які Дадон спадзяецца пабачыць па выніках выбараў 2018 года, пераўтварыць парламенцкую рэспубліку ў прэзідэнцкую?

Магчыма, з гэтай сітуацыі ёсць выйсце. Прэзідэнт Малдовы ў сакавіку абвесціў пра кансультатыўны рэферэндум, дзе, між іншага, выбарнікі вызначаць, ці пагаджацца на пашырэнне паўнамоцтваў кіраўніка краіны. У пытаннях рэферэндуму Лукашэнка сапраўды мог бы пракансультаваць малдаўскага калегу.

У красавіку Кішынэў падпісаў мемарандум аб супрацы з ЕАЭС, але з сённяшнімі паўнамоцтвамі ды з дзейным складам парламенту далей за мемарандум гэтая супраца наўрад ці пойдзе.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Уладзімір Астапковіч / Sputnik

Стужка навінаў