Іван Кірчук выступіў у Менску з аўтарскай праграмай «Дарожка мая». Фотарэпартаж


Унікальны монаспектакль зладзіў 22 лістапада ў Моладзевым тэатры эстрады лідар групы «Троіца» Іван Кірчук. Аўтарская праграма была створаная па матэрыялах беларускага фальклору, назапашанага за 30 гадоў творчасці музыкі.

Са сцэны прагучала каля 20 беларускіх фальклорных песень пад акампанемент старадаўніх традыцыйных музычных інструментаў : дудкі, акарыны, смыка і ліры. Розныя побытавыя прадметы таксама ажылі ў руках музыкі, ствараючы абрадавую, духоўную атмасферу.

Іван Кірчук спявае абрадавыя песні пад акампанемент «чарадзейскага» бубна на монаспектаклі «Дарожка мая» у Менску.

Разам з музыкам гледачы пражылі каляндарны год на Беларусі разам з асноўнымі абрадамі кожнага сезону.

Адна з акарынаў ды каса (асабліва часта выкарыстоўвалася ў беларускіх юрʼеўскіх абрадах супраць ведзьміных сурокаў на хатнюю жывёлу).
Жалейка ды ікона багародзіцы побач з каляднай маскай чорта сімвалізуюць сінтэз паганскіх і хрысціянскіх традыцый у рэлігійным светапоглядзе беларусаў на монаспектаклі Івана Кірчука у Моладзевым тэатры эстрады у Менску.
Іван Кірчук з дапамогай «каровіных званочкаў» агучвае вясновыя традыцыйныя абрады гукання вясны і ўшанавання душ продкаў.
Фалькларыст Іван Кірчук выкарыстоўвае замок, якім беларускія сяляне «замыкалі» скаціну падчас першага выгану ў поле на Юр’е ад ведзьміных чараў ды воўчых зубоў. Замок таксама сімвалізаваў адмыканне зямлі, што рабілася Святым Юр’ем (раней Ярылам) да першай сяўбы.
Іван Кірчук грае на кермаічнай дудцы падчас сцэнічнай дэманстрацыі аднаго з традыцыйных вясновых абрадаў на монаспектаклі «Дарожка мая» у Менску.
Іван Кірчук з ручніком з вышытай на ім абрадавай замовай.
Іван Кірчук «замаўляе» дзявочыя вянкі падчас купальскага абраду на монаспектаклі «Дарожка мая»
Музыка, фалькларыст, педагог і кампазітар Іван Кірчук сімвалічна «усхваляе» сонца.
Іван Кірчук з зажыначным снапком агучвае і паказвае зажыначна-дажыначныя традыцыі беларусаў падчас аўтарскай праграмы «Дарожка мая» у Моладзевым тэатры эстрады« у Менску.
Садавіна ды гародніна на монаспектаклі «Дарожка мая» сімвалізуюць восеньскі ўраджай і звязаныя з ім абрады на Беларусі.
Іван Кірчук у ролі каляднай казы на монаспектаклі «Дарожка мая» у Менску.

Праграма ўвабрала ў сябе кампазіцыі і досвед, назапашаныя за 30 гадоў фальклорных падарожжаў і даследванняў. Тут не толькі гукі і спевы, але ўся філасофія, духоўнасць беларускага народу, яго светапогляд, дзе мяшаюцца паганства з іншымі вераваннямі ды рэлігіямі.

«Чарадзей» Іван Кірчук грае на дудцы.
Каменьчыкі ажываюць і пераўтвараюцца ў прыродны музычны інструмент.
Іван Кірчук у традыцыйным дахрысціянскім вобразе смерці ў выглядзе старой жанчыны.
Іван Кірчук размаўляе ды спявае каляднымі маскамі цыгана ды цыганкі падчас аўтарскай праграмы «Дарожка мая» у Моладзевым тэатры эстрады 22-га лістапада ў Менску.
Напрыканцы выступу Іван Кірчук сімвалічна пасыпае зерне ў бок гледачоў, каб у іх у раду ды ў гаспадарцы ўсё пладзілася ды ўдалым і здаровым расцілася.
Глядачы апладзіруюць стоячы Івану Кірчуку напрыканцы монаспектаклю “Дарожка мая” у Моладзевым тэатры эстрады у Менску.
Гледачы частуюцца яблыкамі пасля монаспектаклю Івана Кірчука «Дарожка мая» у Моладзевым тэатры эстрады ў Менску.

Фота: Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў