Іран папярэдзіў, што павысіць узровень узбагачэння ўрану

Намеснік міністра замежных справаў Ірану па палітычных пытаннях Абас Аракчы заявіў, што Іран хацеў бы прытрымлівацца ўмоваў ядравай здзелкі, але гэтаму перашкаджаюць самі еўрапейскія краіны, якія нібыта не выконваюць сваіх абяцанняў. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Іран абвясціў, што парушыць умовы ядравай здзелкі 2015 года і перавысіць ліміт узбагачэння ўрану. Выступаючы на ​​прэс-канферэнцыі, Аракчы паведаміў, што Іран пачне ўзбагачэнне ўрану да ўзроўняў вышэй 3,67% у бліжэйшыя гадзіны.

Заява Тэгерану стала чарговым парушэннем умоваў дагавора. У траўні Іран павялічыў вытворчасць узбагачанага ўрану, які можа ўжывацца як у атамных рэактарах, гэтак і для стварэння ядравай зброі. У краіне і без таго назапашаны запас узбагачанага ўрану, які перавышае аб’ёмы, абумоўленыя ва ўмовах ядравай здзелкі.

  • 15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расея) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак у 2018 годзе прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.
  • 8 траўня 2019 года прэзідэнт Хасан Рухані заявіў, што Іран адмаўляецца выконваць некаторыя палажэнні пагаднення, заключанага ў 2015 годзе па ядравай праграме Тэгерану. Ён прыгразіў аднавіць вытворчасць высокаўзбагачанага ўрану праз 60 дзён, калі еўрапейскія краіны не дапамогуць Ірану справіцца з наступствамі амерыканскіх санкцыяў.
  • 9 траўня Еўразвяз і прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікая Брытаніі заявілі, што ядравая здзелка з Іранам з’яўляецца «ключавым дасягненнем глабальнай арганізацыі ядравага нераспаўсюджвання», якая «адпавядае ўсім інтарэсам бяспекі». У сумеснай заяве кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў заклікалі Іран устрымлівацца ад крокаў, накіраваных на абвастрэнне сітуацыі. «Мы не прымаем любыя ўльтыматумы і будзем ацэньваць выкананне Іранам сваіх абавязкаў, звязаных з ядравай галіною, у адпаведнасці з Сумесным усёабдымным планам дзеянняў і Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядравай зброі», – заявілі ў ЕЗ.

Трамп уводзіць санкцыі супраць лідара Ірану

КА belsat.eu

Hавiны