Інжынер МЗКЦ ужо пяць гадоў сядзіць у СІЗА. Цяпер справу завялі на ягонага адваката


Андрэй Галавач у зале суду Першамайскага раёну Менску ў траўні 2019 года. Фота – Дар’я Буракіна / TUT.BY

Пра тое, што адзін з абаронцаў галоўнага інжынера МЗКТ Андрэя Галавача стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкулу аб разгалошванні звестак следства, паведамляе «Tut.by».

Журналістам стала вядома, што гэтую крымінальную справу распачалі месяц таму.

Як раз у гэты час у судзе Першамайскага раёну Менску распачаўся працэс Галавача, якога абвінавачваюць у атрыманні хабараў на суму ў 192 200 долараў і 35 000 еўраў. Па версіі следства, падзеі адбываліся з 2008 па 2015 год.

У гэты працэс адзін з яго абаронцаў не ўступіў, хоць раней прадстаўляў інтарэсы інжынера. У лютым 2018 года галоўнаму інжынеру МЗКЦ быў вынесены апраўдальны прысуд, але ён тут жа быў затрыманы па падазрэнні ў чарговым карупцыйным злачынстве.

У дачыненні да адваката распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 407 (Наўмыснае разгалошванне звестак папярэдняга следства асобай, папярэджаным ва ўстаноўленым законам парадку аб недапушчальнасці іх раскрыцця) Крымінальнага кодэксу. Цяпер следчыя высвятляюць абставіны здарэння.

«Канчатковую прававую ацэнку дзеянням падазраванага дадуць па выніках расследавання», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф ці арышт.

Андрэй Галавач знаходзіцца за кратамі пяты год. Ягоны выпадак нават дасведчаныя адвакаты называюць унікальным і не памятаюць падобных гісторыяў, калі б яшчэ чалавека трымалі ў СІЗА столькі часу. У лютым 2018 году суд Фрунзенскага раёну Менску апраўдаў галоўнага інжынера па абвінавачванні ў атрыманні хабараў на суму больш як 180 000 дэнамінаваных рублёў, Вярхоўны суд пакінуў апраўдальны прысуд у сіле.

Ні па адным з крымінальных спраў галоўны інжынер МЗКЦ віну не прызнае. За месяц працэсу ў судзе Першамайскага раёну Менску даўцы хабару так і не з’явіліся. Яны знаходзяцца ў Расеі і Канадзе.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў