Лукашэнка нервуецца. У беларускага кіраўніцтва няма часу на тое, каб нешта супрацьпаставіць інтэграцыйнай атацы Крамля. Традыцыйная стратэгія «шантажу», паваротаў на Захад, узмоцнены пошук новых саюзнікаў не зрабілі ніякага эфекту на Маскву і не пашырылі поле для геапалітычнага манеўру.
У сваю чаргу, рэзкая крытыка палітыкі Расеі з боку Лукашэнкі гаворыць пра тое, што Праграма паглыблення інтэграцыі ўтрымлівае ў сабе глабальныя сістэмныя змены ў дачыненнях паміж Расеяй і Беларуссю і выходзіць за рамкі чыста фармальных – эканамічных пытанняў. Відавочна, што падпісанне дакументаў прывядзе да поўнага эканамічнага, а затым і палітычнага падначалення Беларусі, і што Масква ўвязвае далейшае эканамічнае падтрыманне для рэспублікі з падпісаннем і рэалізацыяй гэтай праграмы.
Праблема Лукашэнкі і яго атачэння ў тым, што яны дазволілі сябе супакоіць думкамі: уся гэтая інтэграцыя, праграмы, дарожныя мапы – не па-сапраўднаму. Што гэта гульня, і трэба проста перачакаць, пацягнуць час. Пры гэтым Лукашэнка працягваў верыць у паблажлівасць добрага маскоўскага цара. Але гэты пасіўны падыход працаваў супраць яго, бо не даваў магчымасці пераасэнсаваць сітуацыю, пачаць, прынамсі, эканамічныя рэформы і шырокі дыялог з грамадзянскай супольнасцю.
У гэтых умовах беларускі кіраўнік вырашыў звярнуцца да апошняга сродку ўздзеяння на Расею – да намёкаў на магчымы выхад з Саюзу. Гэтым можна растлумачыць яго радыкальную заяву: «Вядома, мы з Расеяй ваяваць не будзем. Але кожны год мы нешта губляем. Выбачайце, на халеру патрэбны такі саюз?»
Наўрад ці гэтыя дэкларацыі будуць мець хоць нейкі палітычны і эканамічны эфект. З усіх інструментаў уздзеяння на Маскву ў Лукашэнкі засталіся толькі гучныя словы. Думаю, што гэта выдатна разумеюць у Крамлі і будуць толькі ўзмацняць ціск. Словы беларускага кіраўніка толькі паказваюць ягонае ўласнае бяссілле і разгубленасць.
У сваю чаргу, непадпісанне Праграмы, запланаванае на 8 снежня, прывядзе да сур’ёзных наступстваў. Можна чакаць, што Расея звернецца да шырокіх фінансава-эканамічных санкцыяў, і гэтага ўдару беларуская сістэма не вытрымае.
Замест таго, каб прапрацаваць праграму антыдзеянняў пад прымусам да інтэграцыі, Лукашэнка возіць сямʼю ў Саудаўскую Аравію і Аўстрыю, дзе распавядае пра поспехі дыктатуры.
Вядома, з улікам страчанага часу і магчымасцяў шанцаў эфектыўна процідзейнічаць інтэграцыйнаму прымусу вельмі мала. Расея ўжо не будзе цырымоніцца, для яе Беларусь – гэта чарговая тэрыторыя для захопу, хай пакуль пры дапамозе інтэграцыйных інструментаў, Праграма – адзін з іх. Таму менавіта цяпер беларускаму кіраўніцтву неабходна прыняць шэраг канкрэтных рашэнняў:
Прыняцце і рэалізацыя гэтых крокаў патрабуе перафарматавання інфармацыйнай і палітычнай прасторы рэспублікі. Усё гэта можна зрабіць, калі незалежнасць краіны для цяперашняй улады не пусты гук.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.