АБСЕ заклікае беларускія ўлады да ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне.
Кіраўнік бюро дэмакратычных інстытутаў па правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэль Георг Лінк адрэагаваў на паведамленні, што ў Беларусі выкананы смяротны прысуд у дачыненні да Сяргея Іванова і заклікаў беларускія ўлады да ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне.
«Гэта відавочна, што праз адмову ад смяротнага пакарання большасць краінаў-чальцоў АБСЕ прызналі яго безумоўна жорсткую, бесчалавечную прыроду, – заявіў Лінк, выказаўшы занепакоенасць згаданымі прысудамі. – Я перакананы, што пакаранне Сяргея Іванова супярэчыць дыскусіям, якія адбываюцца ў Беларусі, і росту сусветнай тэндэнцыі да адмовы ад смяротнага пакарання як непрымальнага адмаўлення чалавечае годнасці».
Толькі Беларусь і ЗША застаюцца краінамі-чальцамі АБСЕ, дзе выконваюцца смяротныя прысуды.
Раней у звязку са справай Іванова і Хмялеўскага занепакоенасць выказваў ЕЗ – у заяве адзначалася, што расстрэл Сяргея Іванова ёсць «асабліва драматычным», улічваючы тое, што ягоная скарга была прынятая да разгляду Камітэтам па правах чалавека пры ААН.
22-гадовы Сяргей Іваноў быў прысуджаны да расстрэлу за згвалтаванне і забойства 19-гадовай дзяўчыны. 31-гадовы Сяргей Хмялеўскі прысуджаны ў лютым да смяротнага пакарання за забойства трох чалавек.
У студзені таксама быў асуджаны на смяротнае пакаранне за забойства з асаблівай жорсткасцю Генадзь Якавецкі, які ўжо атрымліваў смяротны прысуд за забойства ў 1990 годзе (пазней прысуд замянілі на 15 год зняволення, потым яшчэ 8 год за збіццё ў турме, пасля выхаду на волю ён здзейсніў яшчэ адно забойства).
ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org, belapan.by