Ілжэсвятар у Менску ашукаў вернікаў на 25 тысячаў долараў

Махляр выкарыстоўваў рэчы культу, каб увайсці ў давер да сваіх ахвяраў. Фота – Следчы камітэт

У аўторак Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні крымінальнай справе аб махлярстве. Паводле звестак следства, 49-гадовы нарадзінец Берасцейшчыны з 2016 да 2018 года прадстаўляўся святаром праваслаўнай царквы, каб падманваць людзей.

«Пад рознымі прапановамі – набыцця царкоўных свечак для правядзення набажэнства, правядзення абраду асвячэння жылля, ажыццяўлення ахвяраванняў, развіцця камерцыйнай дзейнасці – атрымаў ад вернікаў грошай на агульную суму больш за 49 тысяч рублёў», – паведамляе аддзел інфармацыі Следчага камітэту.

Святаром мужчына не быў. Каб увайсці ў давер, ён выкарыстаў царкоўныя адзенне і іншыя рэчы.

Агулам следчым вядома пра 12 злачынных эпізодаў. Яны ўсе адбыліся ў Менску.

Аксэсуары псеўдасвятара. Фота – Следчы камітэт

Следчыя дапыталі больш за 30 чалавек, зладзілі вочныя стаўкі паміж пацярпелымі і абвінавачанымі ды правялі ператрус па месцы жыхарства абвінавачанага. Ягоную маёмасць арыштавалі.

Мужчыну выставілі абвінавачванне паводле артыкулу крымінальнага кодэксу за махлярства ў асабліва буйным памеры.

Аддзенне, якое ўжываў псеўдасвятар. Фота – Следчы камітэт

Справу перадалі ў суд.

ДД

Hавiны