Ілюзія бяспекі. Што абмяркоўвалі сакратар Савету бяспекі Беларусі і памочнік Трампа ў Варшаве?

Польскія СМІ вельмі суха і сцісла, без апісання падрабязнасцяў праінфармавалі пра сустрэчу «дарадцаў прэзідэнтаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі», якая прайшла 31 жніўня ў польскім Бюро Нацыянальнай Бяспекі. У гэтай сустрэчы, як вядома, удзельнічаў сакратар Савету Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Зась. Дадзенае мерапрыемства было прысвечана сітуацыі ва Усходне-Цэнтральнай Еўропе, а таксама абмеркаванню механізмаў стабільнасці ў рэгіёне, якія павінны служыць гарантыяй суверэнітэту, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў рэгіёну.

СМІ фактычна абмежаваліся рэтрансляцыяй паведамлення, якое было апублікавана на старонцы Нацыянальнага бюро бяспекі, развёўшы яго каментарамі і меркаваннямі беларускіх экспертаў, якія сцвярджалі, што візіт Зася ў Варшаву, гэта сігнал Маскве, адзін са спосабаў «націснуць на Маскву».

Праўда, з прапанаваных каментароў не зусім ясна, якім жа чынам удзел сакратара Савету бяспекі Рэспублікі Беларусь у гэтай сустрэчы павінен быў націснуць на Маскву, калі Беларусь знаходзіцца ў цесным ваенна-стратэгічным саюзе з Расеяй і не збіраецца рабіць ніякіх крокаў па выхадзе або паслабленні гэтага саюзу.

Нягледзячы на ​​тое, што прысутнасць Зася ў Варшаве безумоўна з’яўляецца неардынарнай падзеяй, яна па логіцы, павінна была б (на сімвалічным узроўні) падкрэсліць шматвектарнасць вонкавай палітыкі Беларусі, тым не менш, на мой погляд, гэта наўрад ці звязана з жаданнем Менску націснуць на Крэмль або ўзмацніць празаходні кірунак.

Як вядома з 1 студзеня 2020 года Станіслаў Зась павінен прыступіць да выканання абавязкаў генеральнага сакратара АДКБ, арганізацыі, якая сёння лічыцца, свайго роду, процівагай NATO.

Справка

Генерал-лейтэнант Зась нарадзіўся ў 1965 годзе ва Украінскай ССР, у 2005 годзе скончыў Ваенную Акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі.

Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што Зась прысутнічаў на сустрэчы не толькі і не колькі, як прадстаўнік Менску, а як свайго роду прадстаўнік прарасейскага ваеннага блока (фактычна прадстаўнік Масквы).

30 жніўня 2019 года. Сакратар Савету бяспекі Беларусі Станіслаў Зась сустракаецца з кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Паўлам Солёхам. Фота – bbn.gov.p

Гэта выглядае лагічным, калі ўлічыць, што 30 жніўня польскі міністр абароны Марыюш Блашчак абмяркоўваў з дарадцам амерыканскага прэзідэнта пытанне размяшчэння чарговай групы амерыканскіх вайскоўцаў (каля 1000 чалавек) у Польшчы. Гэтая тэма, як вядома, з’яўляецца галоўным раздражняльнікам для Масквы, якая пагражае адэкватным адказам на дзеянні ЗША ў рэгіёне.

Гэтым «адэкватным адказам» можа быць актывізацыя Расеі ў Беларусі. На дадзены факт, таксама неаднаразова ўказваў кіраўнік Беларусі – Лукашэнка:

«Таму не трэба ствараць лішнія базы. Інакш мы з расейцамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта размяшчаць, каб вам процідзейнічаць».

Словы Лукашэнкі ясна вызначаюць, на каго арыентуецца Беларусь, і якія ў яе стратэгічныя прыярытэты. Думаю, Зась, як будучы кіраўнік АДКБ, павінен быў яшчэ раз данесці пазіцыю Масквы і Менску ў сувязі з пашырэннем амерыканскай ваеннай прысутнасці ў Польшчы і рэгіёне.

Прыезд сакратара Савету Бяспекі РБ у Варшаву мог мець больш празаічную дэкаратыўную задачу, улічваючы той факт, што Зась наўрад ці мог абмяркоўваць з Болтанам і калегамі з Польшчы ды Украіны звыш таго, што было агаворана Болтанам і Лукашэнкам у Менску.

Гэтай задачай з’яўлялася – кампенсацыя непрыемнага эфекту, які безумоўна быў аказаны на еўрапейскіх (польскіх) палітыкаў адмовай Лукашэнкі ехаць у Варшаву на мерапрыемства, прысвечанае пачатку Другой Сусветнай вайны.

Візіт Лукашэнкі ў Варшаву (асабліва на фоне не запрашэння расейскай дэлегацыі), быў бы самым важкім палітычным крокам беларускага кіраўніцтва, практычнай дэманстрацыяй самастойнасці і суверэнітэту.

Адсутнасць жа Лукашэнкі, які аддаў перавагу збіраць кавуны, у чарговы раз паказала істотную залежнасць дзеянняў Лукашэнкі ад расейскага ўплыву, нават на сімвалічным, гістарычным узроўні.

29 жніўня 2019. Пасля перамоваў з Джонам Болтанам. Фота president.gov.byНа гэтым фоне паездка Зася, на мой погляд, павінна была падтрымаць геапалітычны міф пра тое, што Лукашэнка імкнецца ўмацаваць незалежнасць краіны і дыстанцыявацца ад Масквы. Рэальнасць жа сітуацыі такая, што дыпламатычныя гульні з Захадам не нясуць ніякага практычнага зместу, які патрабуе наяўнасці палітычнай волі.

Павел Усаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў