Фатограф Чэслаў Сташко год вандраваў па Беларусі, каб паказаць спадчыну даваеннай габрэйскай цывілізацыі. Больш за 60 здымкаў ён паказаў на выставе ў Горадні.
Чэслаў Сташко – бізнесовец у мінулым, які кінуў працу, з’ехаў у вёску Калеты і пачаў займацца фатаграфіяй. Яго першай персанальнай выставай стаў праект, прысвечаны габрэйскай спадчыне, якую фатограф здымаў цягам году. Вынікам сталі тысячы здымкаў, адзнятых у Гарадзенскай, Берасцейскай, Віцебскай і Менскай вобласцях.
У першую чаргу гэта здымкі могілак, сінагог, іешываў, а таксама моманты з сучаснага жыцця габрэйскай супольнасці. Назваў сваю выставу Чэслаў Сташко «Учора! Сёння. Заўтра?».
«Учора з клічнікам, бо гэта быў неверагодны пласт культуры. Сёння – тое, што мы маем і спрабуем захаваць. Але што застанецца заўтра? Хоць я сам не маю габрэйскіх каранёў, даследуючы тэму, я застаюся пад вялікім уражаннем. Да прыкладу, могілкі ў Ракаве, якія самі па сабе – музей, дзе кожную пліту можна разглядваць гадзінамі. У той жа час могілкі каля Косава занядбаныя і парослыя лесам. Або Мір, цудоўнае паслягабрэйскае мястэчка, дзе шмат будынкаў. Аднак усё габрэйскае, што на іх было, закаталі штукатуркай. Іх спадчына навокал нас, варта толькі вочы расплюшчыць», – тлумачыць фатограф.
Як распавядае Чэслаў Сташко, стварыць праект яго натхніла мінулагодняя выстава гарадзенскага мастака і сябра Алеся Сурава, разам з якім яны і вандравалі па Беларусі ў пошуках габрэйскіх мясцінаў.
«Мне заўсёды было сумна глядзець на сінагогі, габрэйскія дамы, могілкі: што людзі вымерлі, а пра іх ніхто не ўзгадвае. Я зрабіў выставу пра даваеннае жыццё габрэяў, але захацелася таксама паказаць, што засталося сёння. Я вельмі рады, што Чэслаў зрабіў гэты праект. У будучыні мы плануем маю выставу аб’яднаць з гэтай і павазіць па Беларусі», – кажа Алесь Сураў.
Да вайны не было ніводнага мястэчка і гораду, дзе б не сяліліся габрэі. Толькі ў даваенным БССР іх жыло 800 тысяч. Сёння пра прысутнасць гэтага народу сведчаць толькі сотні могілак з надпісамі на іўрыце, будынкі з паўкруглымі вокнамі, сінагогі – часта пустыя і занядбаныя.
«З габрэйскага насельніцтва выйшла столькі людзей, якія прадстаўлялі не толькі габрэяў, але і Беларусь. Нашая зямля падаравала некалькіх прэзідэнтаў Ізраілю. Нашая зямля падаравала Бакста – мастака, чые карціны сёння каштуюць мільёны долараў. Хто ведае, што нараджэнец Горадні Пол Бэран – адзін са стваральнікаў інтэрнэту? Галоўны мафіёзі Лас Вегаса Мэер Ланскі таксама нарадзіўся тут! Нават дранікі, па-габрэйску «латкес» – таксама з’яўляюцца традыцыйнай стравай габрэяў на Хануку. Я рады, што знаходзяцца людзі, не абыякавыя да той гісторыі, часткай якой яны сёння зʼяўляюцца», – кажа Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай грамады ў Горадні.
Як распавядае Чэслаў Сташко, выстава – толькі пачатак будучай працы над праектам. У планах – стварыць альбом з фотаздымкамі габрэйскіх мясцінаў, а таксама працягваць пошук габрэйскай спадчыны.
Выставу «Учора! Сёння. Заўтра?» можна паглядзець у Вялікай харальнай сінагозе ў Горадні на працягу чэрвеня.
ПВ, фота Васіль Малчанаў / belsat.eu