Хваля гвалту: праз масавыя беспарадкі ў гарадах ЗША ўводзяць каменданцкую гадзіну


У шэрагу гарадоў ЗША з панядзелка 25 траўня ідуць масавыя пратэсты, якія суправаджаюцца пагромамі, падпаламі і марадзёрствам. Ёсць пацярпелыя, у тым ліку сярод паліцыянтаў. Улады ўводзяць каменданцкую гадзіну, мабілізаваная Нацыянальная гвардыя.

Пратэсты ўспыхнулі ў Мінеапалісе, найбуйнейшым горадзе штату Мінесота, пасля таго, як паліцыянты пры затрыманні забілі 46-гадовага чарнаскурага жыхара гораду Джорджа Флойда. Інцыдэнт трапіў на відэа, якое апублікавалі ў сацсетках. Улады ЗША на ўсіх узроўнях уключна з Доналдам Трампам паабяцалі правесці расследаванне, замешаных у справе сілавікоў звольнілі, а аднаго арыштавалі па абвінавачванні ў забойстве.

Аднак заявы і дзеянні ўладаў не перадухілілі пратэсты – яны пачаліся з мітынгу на месцы забойства Флойда, які перарос у сутычкі з паліцыяй, падпалы аўтаў і будынкаў, рабаванні. Мэрыя Мінеапалісу ўвяла ў горадзе надзвычайнае становішча і каменданцкую гадзіну, а таксама мабілізавала 1700 байцоў Нацыянальнай гвардыі, піша Star Tribune.

Фота АР
Сутычкі з паліцыяй у Атланце. Фота Getty Images

Беспарадкамі ахопленыя большасць мегаполісаў

З Мінеапаліса беспарадкі перакінуліся на іншыя гарады ЗША. Да 30 траўня гвалтоўныя пратэсты прайшлі ў Лос-Анджэлесе і Сан-Хасэ (Каліфорнія), Нью-Ёрку, Бостане (Масачусэтс), Х’юстане (Тэхас), Дэнверы (Каларада), Каламбусе (Агаё ), Сіэтле (штат Вашынгтон), а таксама ў сталіцы ЗША Вашынгтоне проста ля Белага дому. Як паведамляе тэлеканал CBS, у іх прынялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Толькі ў адным Нью-Ёрку затрыманыя больш за 200 пратэстоўцаў.

Амерыканскія СМІ таксама пішуць, што, калі гарадскія ўлады рэквізавалі аўтобусы для перавозкі затрыманых, кіроўцы адмовіліся сядаць за стырно.

Фота Scott Olson / Getty Images / AFP / Scanpix / LETA

У пятніцу ўвечары пратэстоўцы ўступілі ў бойкі з паліцыяй у Атланце, Нью-Ёрку і Портлэндзе, а ў Вашынгтоне яны заблакавалі Белы дом. У Атланце яшчэ напярэдадні было абвешчана надзвычайнае становішча, пазней была ўведзена і каменданцкую гадзіна – там грамілі будынкі і падпалілі паліцэйскі аўтамабіль недалёка ад штаб-кватэры тэлекампаніі CNN.

Дэманстрацыі прайшлі па меншай меры ў 30 гарадах, піша New York Times. Улады амерыканскіх гарадоў на фоне пратэстаў уводзяць каменданцкую гадзіну. Яна ўжо абвешчаная ў 25 гарадах: Лос-Анджэлесе, Філадэльфіі, Кліўлендзе, Дэнвэры і іншых.

Тым часам губернатар Мінэсоты заявіў, што беспарадкі ўжо не звязаныя з забойствам Флойда, а справакаваныя прыезджымі радыкаламі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў