«Хутка лёг!» Затрыманага берасцейца збілі за тое, што сеў на крэсла, а не лёг на падлогу


Міхаіл Грэбень пасля збіцця «людзьмі ў цывільным»

Жыхара Берасця, затрыманага падчас акцыі салідарнасці 19 чэрвеня, збілі ў міліцэйскім мікрааўтобусе. Пра гэта ён распавёў у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Міхаіл Грэбень адзначыў, што пляскаў у далоні падчас акцыі салідарнасці з затрыманымі палітыкамі ды актывістамі на ўчастку паміж ЦУМам і праспектам Машэрава.

«Пайшла міліцыя. Магчыма, я замоцна жэстыкуляваў. І людзям у цывільным падалося, што я кідаю камяні ў міліцыю. Хаця людзі, якія жывуць у Берасці, цудоўна разумеюць, што там няма ніякіх камянёў. І мяне адразу панеслі за рукі ў бус», – адзначыў суразмоўца.

Hавiны
Толькі ў Менску 19 чэрвеня міліцыя затрымала каля сотні чалавек. Некаторыя кажуць, што іх білі
2020.06.20 14:35

Мікрааўтобус пастаяў каля 10-15 чалавек, затым паехаў да аддзялення на вуліцы Савецкай, дзе таксама пастаяў каля 10 хвілін, пасля чаго накіраваўся да Ленінскага РАУС.

«Здаецца, яны самі не ведалі, што рабіць, куды ехаць», – заявіў Міхаіл.

У РАУС у яго забралі тэлефон, не далі ні з кім звязацца. Прычыны затрымання не тлумачылі. Каля 23:30, пасля сканчэння акцыі, прыехалі людзі ў цывільным і сказалі, што павязуць у Следчы камітэт.

«Я не супраціўляўся. Быў ветлівым. АМАПавец у цывільным сказаў прахадзіць у бус. Сеў у бус на крэсла. І ў гэты момант ім не спадабалася, што я сеў у крэсла, бо, на іх думку, я павінен ляжаць на падлозе. Кажуць: «Хутка лёг!» Я кажу, што мы ж проста едзем у Следчы камітэт – што адбываецца? Не, усё адно – «Хутка лёг!» Ён адразу ўдарыў мяне па галаве. Я казаў супакоіцца, але ён зноў ударыў недзе каля вока. Потым я ўсё-такі сеў на падлогу. То бок, яны маральна здзекаваліся», – распавёў затрыманы.

Hавiны
«Я сам пайду, сам». Брутальныя затрыманні на мірных пікетах. ВІДЭА
2020.06.20 01:00

Па дарозе Міхаілу пагражалі турмой, казалі, што «дзяржаву ад нечысці абараняюць».

Па прыездзе ў Следчы камітэт мужчыну зноў груба заламалі, закруцілі рукі за спіну і павялі да следчага.

«Да следчага я ўжо прыехаў з такім [пабітым. – Рэд. Belsat.eu] тварам. Ён не тое, каб здзівіўся – паглядзеў і паглядзеў», – распавёў берасцеец.

Складанне пратаколу вялося каля дзвюх гадзін. Пасля Міхаіла павезлі назад у Ленінскі РАУС, дзе зачынілі ў пакоі хвілін на 40. У прыбіральню не пускалі, піць не давалі. На пытанні яму адказалі, што «за свае паводзіны» ён будзе сядзець 4 гады.

Гематомы ад удараў на руках

Пасля чарговага апытання і наведвання наркалогіі затрыманага пасадзілі ў зачынены пакой, а праз гадзіну – адпусцілі, сказаўшы чакаць позву са Следчага камітэту.

Міхаіл таксама паведаміў, што будзе здымаць нанесеныя яму пабоі.

«Мой прадзед – Вавілаў Васіль Пятровіч – ваяваў супраць фашыстаў за свабоду нашай Радзімы. Ён пахаваны ў Берасцейскай крэпасці. І як так атрымліваецца, што цяпер ягонага праўнука хапаюць ні за што нейкія фашысты, якія здзекуюцца проста так таму, што я выказваю сваю пазіцыю?» – падкрэсліў суразмоўца.

Агулам у Беларусі 19 чэрвеня ў розных гарадах краіны затрымалі каля 140 чалавек, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту.

Сёння ж, 20 чэрвеня, у Берасці зноў жывы ланцуг.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў