Хуліганства або палітыка? Што вядома пра напад на беларускую амбасаду ў Екацярынбурзе


Напад на аддзяленне амбасады Беларусі ў расейскім Екацярынбурзе адбыўся ўначы на 25 лістапада. Хто мог стаяць за гэтым актам, застаецца невядомым.

Як паведамлялі мясцовыя медыі, невядомыя разбілі шкло ў аддзяленні амбасады Беларусі і спалілі сцяг на флагштоку. У МЗС Беларусі пацвердзілі факт хуліганскіх дзеянняў.

Спалены сцяг і разбітае шкло на будынку аддзялення амбасады Беларусі ў Екацярынбурзе.
Фота: ura.news

Журналіст мясцовага выдання E1.RU Алег Манвараў, які працаваў на месцы здарэння, лічыць, што напад на будынак амбасады не звязаны з палітыкай.

«Маё меркаванне – наўрад ці гэта звязана з палітычнай акцыяй. Шкло разбілі не да канца, побач ляжала сметніца, у ёй былі бутэлькі ад алкаголю. Мяркую, што хто-небудзь з загуляўшых гараджанаў, які быў чымсьці незадаволены, праходзіў міма і пабіў акно», – адзначыў ён у каментары belsat.eu.

Пры гэтым ён прызнае, што напад на замежную амбасаду ў Екацярынбурзе – справа выключная.

«На маёй памяці інцыдэнтаў з амбасадамі не было», – дадаў журналіст.

Вядома, што на месцы здарэння працавалі працаўнікі крымінальнага вышуку, але дагэтуль пра распачынанне крымінальнай справы не паведамлялася. Прадстаўнік беларускай амбасады ў каментары E1.RU наагул адзначыў, што ў інцыдэнце «крыміналу, як мяркуецца, няма».

Праваахоўныя органы Екацярынбурзе здарэнне не каментуюць. Цягам 25-26 лістапада ГУ МУС РФ па Свярдлоўскай вобласці не апублікавала прэс-рэліза наконт нападу на амбасаду і нават не прыгадала гэты інцыдэнт у сваіх зводках у сацыяльных сетках.

Ніводная расейская палітычная групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за напад на аддзяленне беларускай амбасады.

Цікава, што на шэрагу шавіністычных расейскіх рэсурсах у якасці бэкграўнда да інфармацыі пра напад на амбасаду Беларусі прыгадалі апошнія крытычныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі ў бок РФ. У прыватнасці, ягонае рытарычнае пытанне: навошта Беларусі патрэбны такі саюз з Расеяй?

Скрыншот з сайту politnavigator.net

Пры гэтым частка каментатараў на такіх сайтах ухваляюць напад на амбасаду – маўляў, трэба паставіць беларусаў на месца.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў