Хто заваюе Суперкубак Беларусі?


Паводле традыцыі, распачатай у 2010 годзе, унутраны футбольны сезон пачынаецца матчам за Суперкубак, у ім сустракаюцца чэмпіён краіны і ўладальнік Кубка Беларусі. Другі год запар у гэтым матчы згуляюць адныя і тыя ж каманды – БАТЭ і берасцейскае «Дынама». Гульня адбудзецца 2 сакавіка а 15:00 на сталічным стадыёне ФК «Менск».

Напярэдадні гульні мы вырашылі распытаць экспертаў, якія ў іх чаканні ад матчу. Хто заваюе Суперкубак Беларусі?

«Гульцам «Дынама» прыйдзецца біцца за ўсё, што рухаецца»

– Чакаю выставачнага матчу з не выставачнай гульнёй. Як сказаў галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага, гэта самы афіцыйны з неафіцыйных паядынкаў. І ставіцца да яго неабходна з усёй сур’ёзнасцю. Гульцам «Дынама» не трэба нічога казаць. У іх няма еўракубкаў, няма нават Кубку Беларусі – прыйдзецца біцца за ўсё, што рухаецца. Так што павінна быць весела. Тым больш новая матывацыя замешана на старых дражджах – мінулым Суперкубку, які выгуляла «Дынама». Калі БАТЭ другі раз аддасць трафей прынцыповым супернікам, гэта будзе не па чыне для каманды, якая ўмее перамагаць лонданскі «Арсенал», – распавёў у каментары «Белсату» галоўны рэдактар спартыўнай газеты «Прэсбол» Сяргей Кайко.

Hавiны
«Арсенал» закаціў БАТЭ тры банкі. ВІДЭА
2019.02.21 22:31

На ягоную думку, цяпер супернікі роўныя.

– Складана ацэньваць міжсезонне, калі супернікі пражылі яго так па-рознаму. Адны проста разʼязджалі па зборах і рыхтаваліся. Іншыя таксама разʼязджалі і таксама рыхтаваліся, але вымушаныя былі фарсіраваць працэсы з-за плэй-оф Лігі Еўропы. БАТЭ страціў шмат важных гульцоў, і многія ўжо заказвалі па ім памінальную службу. Аднак матчы з «Арсеналам« паказалі, што каманда не знясілела і нават не нахілілася. А калі асаблівасці цяперашняга міжсезоння аднойчы і вылезуць бокам, то выйдзе гэта не 2 сакавіка, а нашмат пазней.

Фота: Аляксандр Сахарчук/dynamo-brest.by

Па словах Сяргея Кайко, каманда Берасця адужэла – адно вяртанне Мілеўскага чаго варта.

– У спарынгах, праўда, вынік не ішоў – ніводнай перамогі на апошнім зборы ў Турцыі. І абарона па ранейшаму бачыцца слабейшай лініяй. Але ці адабʼецца гэта ў суперкубкавай гульні? Можа так, а можа і не. Гэта таксама з вобласці далёкіх перспектыў. А ў суботу ўсё будзе залежыць ад імгненнага настрою, канкрэтнага плана на гульню і ўдачы.

Фота: Аляксандр Сахарчук/dynamo-brest.by

Патэнцыял гульцоў аднолькавы, але фаварыту няма

На думку футбольнага агента Валерыя Ісаева, Суперкубак пачаў прыцягваць да сябе больш увагі з мінулага году. І звязана гэта з супрацьстаяннем двух амбіцыйных клубаў. Але відавочнага фаварыта ў матчы няма. Хоць патэнцыял гульцоў, матывацыя футбалістаў і трэнераў абедзвюх каманд – на аднолькавым узроўні.

– Хто лепш правёў міжсезонне, мы даведаемся ў канцы чэмпіянату ў залежнасці ад таго, як гэтыя дзве каманды размесцяцца ў турнірнай табліцы. БАТЭ ўжо паспеў абыграць гранда сусветнага футбола, а Берасце нядрэнна глядзеўся ў гульнях з лепшымі клубамі Кітая і Саудаўскай Аравіі, – сказаў Валерый Ісаеў.

СА/Belsat.eu

Стужка навінаў