Хто застрэліў жаўнера? Суд у Менску разбіраецца ў чарговай трагедыі ў войску


Менскі раёны суд распачаў разгляд справы аб смерці жаўнера Дзмітрыя Удода, якога сёлета 4 красавіка застрэлілі падчас заняткаў па баявой падрыхтоўцы. На лаве падсудных – вайсковец тэрміновай службы Сяргей Крупа. Яго вінавацяць у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу (парушэнне правілаў абыходжання са зброяй, боепрыпасамі, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека).

25-гадовы жыхар Мазыра Сяргей Крупа не быў узяты пад варту, у зале суда ён з’явіўся без канвою. Цяпер ён працягвае вайсковую службу ў 120-й асобнай механізаванай брыгадзе, да дэмабілізацыі яму застаецца роўна месяц.

Трагедыя адбылася 4 красавіка ў 120-й асобнай механізаванай брыгады (базуецца ва Уруччы). У красавіку 2018 года С. Крупа быў наводчыкам БМП, а Дз. Удод – механікам-кіроўцам. Паводле дзяржабвінаваўцы, Крупа падчас заняткаў на агнявой падрыхтоўцы «ў парушэнне патрабаванняў статуту ўнутранай службы» не праверыў разраджанасць кулямёта Калашнікава, які размешчаны на БМП, і не паставіў яго на засцерагальнік. У выніку Крупа па неасцярожнасці здзейсніў адзіночны стрэл, у выніку якога загінуў Удод.

Сяргей Крупа прызнае сябе вінаватым. Паводле жаўнера, 2-4 красавіка на танкавым палігоне адбываліся заняткі па баявой падрыхтоўцы. Экіпаж БМП, куды ўваходзіў Крупа і Удод, разам з іншымі рыхтавалі для ўдзелу ў вайсковых спаборніцтвах па стральбе. Паводле рэгламенту заняткаў, 4 красавіка стрэльба праводзіліся за тры этапы. Пасля кожнага этапу стральбы Крупа мусіў правяраць разраджанасць кулямёта і ставіць яго на засцерагальнік. Пры гэтым падчас заняткаў выявіліся тэхнічныя хібы ў БМП. Гэтак шлемафон Крупы не працаваў, а кулямёт быў няспраўны і пастаянна даваў асечкі (афіцэры ведалі пра гэта, але ніяк не рэагавалі). Менавіта таму пасля другога этапу заняткаў кулямётная стужка не была цалкам расходавана – то бок у зброі заставаліся патроны, а паставіць кулямёт на засцерагальнік і падняць рулю жаўнер забыўся. «Усё было ў спешцы, мы хацелі хутчэй усё закончыць», – тлумачыць ён.

Менавіта ў гэтым момант адбыўся міжвольны стрэл у бок люка механіка.

«Верагодна, я зачапіў кулямёт рукою. Правая рука ў мяне кепска працуе, яшчэ з дзяцінства», – дадае Сяргей Крупа.

Вайскоўцы не адразу зразумелі, што адбылася трагедыя. Паводле Крупы, з пазіцыі наводчыка люк механіка не бачны, і ён наогул быў упэўнены, што Удод знаходзіцца ўжо ўнутры машыны. «Я не думаў, што такое магло адбыцца», – прызнаецца ён.

Пасля завяршэння стрэльбы вайскоўцы заўважылі, што Удода нідзе няма, і яны пайшлі шукаць яго ў БМП. Там і знайшлі труп жаўнера.

«Мне стала кепска, мяне пачало ўсяго трэсці. Мяне ў выніку адвезлі ў медычную роту», – распавёў абвінавачаны.

Перад пачаткам працэсу

Крупа прызнаецца, што вельмі шкадуе аб гэтым здарэнні. Ён ужо папрасіў прабачэння перад сваякамі Дзмітрыя Удода, якія, праўда, на сённяшняе паседжанне не зʼявіліся.

У судзе была таксама зачытана характарыстыка Крупы, якую выдалі яму ў вайсковай частцы: паводле камандзіра, жаўнер служыць пасрэдна і нядобрасумленна, праяўляе рассеянасць. Аднак гэтая характарыстыка была выдадзена ўжо пасля трагедыі.

  • Паводле ч. 2 арт. 463 КК Сяргею Крупу пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
  • Загінулы жаўнер Дзмітрый Удод нарадзіўся ў вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёну. У сям’і 6 дзяцей. Па адукацыі Дзмітрый тынкоўшчык-маляр, да арміі ён год працаваў у калгасе ў будаўнічай брыгадзе.
  • Маці загінулага ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча пазней заяўляла журналістам, што Дзмітрый Удод быў праходзіў сведкам па справе ейнага сына.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў