Хто такі блогер Сяргей Ціханоўскі, які хоча быць прэзідэнтам Беларусі


Адвакат Алег Юрчанка і блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Фота belsat.eu

За год ён сабраў вялізную аўдыторыю ў інтэрнэце, а навіны аб ягоным затрыманні публікуюцца на БелТА. Людзі, працаваўшыя з Ціханоўскім кажуць, што лепей не мець з ім справаў, а падпісанты радуюцца ягонаму існаванню. Хто гэты чалавек, які за год здолеў стаць адной з найбольш значных постацяў на грамадска-палітычнай сцэне?

«Стаміўся ад чыноўнікаў»

«Больш за 130 тысяч падпісантаў просяць мяне ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, таму што не вераць ані воднаму кандыдату». Гэтак пачынаецца ролік Сяргея Ціханоўскага, беларускага прадпрымальніка і блогера, дзе ён абвяшчае аб сваім жаданні ўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі.

Аб самім Ціханоўскім вядома няшмат. Ён сабе называе прадпрымальнікам, а свой блог пачаў летась бо «стаміўся ад свавольства чыноўнікаў». Не дае каментароў прэсе, адзіныя ягоныя інтэрв’ю былі апублікаваныя на Onliner у 2017 годзе і летась. Каманда працуе «інкогніта»: большасць людзей, з якімі belsat.eu спрабаваў звязацца, ад каментароў адмовіліся.

Сяргей Ціханоўскі вельмі актыўны ў інтэрнэце і сацыяльных сетках і агулам мае каля 200 тысяч падпісантаў. Асноўнае поле дзейнасці – YouTube-канал «Страна для жизни». На момант публікацыі тэксту на яго было падпісана 165 тысяч чалавек — 30 тысяч падпісантаў прыйшло за апошні дзень. Другі па папулярнасці — Telegram-канал з 20 тысячамі. У «Вконтакте» і «Одноклассниках» — 6 тысяч падпісантаў, больш за 7 тысяч у «Instagram».

Аб чым блог «Страна для жизни»

Свой YouTube-канал Сяргей стварыў 11 сакавіка 2019 года. Першае відэа на ім з’явілася 15 сакавіка. Гэта немудрагелістае апавяданне аб дэнамінацыі беларускага рубля. Зроблена даволі лаканічна: інфаграфіка працягласцю 2 хвіліны, якая тлумачыць, як абясцэнілася беларуская валюта за гады незалежнасці. У роліку Сяргей не з’яўляецца, не гучыць і ягоны голас. Гэта адно з найменш папулярных відэа на канале блогера – за год набрала 15 тысяч праглядаў.

«Што трэба зрабіць, каб на самой справе пабудаваць краіну для жыцця? Гісторыі простых беларусаў і рэальныя кейсы прадпрымальнікаў як нельга лепей распавядуць пра гэта».

Гэткае апісанне стаіць у канала Ціханоўскага на YouTube. За год існавання тэматыка даволі значна памянялася. Напачатку ён рабіў акцэнт на прадпрымальніцтве ў Беларусіў распавядаў пра бізнесоўцаў з невялікіх гарадоў і дзяліўся ідэямі.

Аднак потым блог становіцца больш палітызаваным: Ціханоўскі бярэ інтэрв’ю ў беларускіх апазіцыйных палітыкаў, распавядае пра кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў, здымае фільм пра Плошчу-2010. Робіць стрымы з выбарных участкаў – ён і сам быў у ініцыятыўнай групе кандыдаткі ад «Мацярэй 328» Таццяны Канеўскай. Далей – стрымы з акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй, за якія яго неаднаразова судзілі. Сяргей нават правёў Новы год на соднях.

Таццяна Канеўская.
Фота: belsat.eu

У апошнія месяцы Ціханоўскі знайшоў нібыта «залатую жылу». Ён ездзіць па беларускіх гарадах і мястэчках ды распытвае мясцовых жыхароў пра асноўныя праблемы. Менавіта адзін з такіх ролікаў з Глыбокага набраў найбольшую папулярнасць. Больш за 750 тысяч чалавек паглядзелі, як мясцовая жыхарка эмацыйна распавядае пра беды роднага гораду.

Не цураецца Ціханоўскі і іранічных відэа: бярэ інтэрв’ю ў свіней — прыкарытнікаў, аллюзію на беларускіх чыноўнікаў. А ролік з «фігай» ад Добрушскай чыноўніцы стаў мемам.

Блогер, якога беларусы шукалі?

Відэаблог Ціханоўскага пачаў набіраць папулярнасць у апошні месяц. Амаль кожнае відэа набірае 150 – 200 тысяч праглядаў, у параўнанні ў ранейшымі 30 – 60 тысяч праглядаў.

Аўтар каналу «Рудабельская паказуха» Андрэй Паук мяркуе, што папулярнасць Ціханоўскі здабыў «граючы на патрэбах народу».

«Гэта блогер, якога беларусы прынялі, якога даўно шукалі. На ягоным месяцы мог быць любы чалавек, які б зразумеў, чым жыве народ. Яму хочацца верыць», – тлумачыць ён.

Андрэй Паук, блогер. Фота Facebook.com

Андрэй зазначае, што сваёй папулярнасцю Ціханоўскі абавязаны сваёй харызме і ўменню слухаць людзей.

«Але з іншага боку Сяргей Ціханоўскі – цёмная лашадка. Мы не ведаем ягоных матываў. Яму пасуе прымаўка «не можаш перамагчы – узначаль». Сваёй актыўнасцю ён павышае інтарэс да непапулярных палітычных падзеяў, напрыклад, выбараў. Асабіста мяне ён расчараваў гэтым крокам. Нам трэба адукоўваць народ, а не шукаць яму новага лідара», – тлумачыць рудабельскі блогер.

«Ён паказвае, што сапраўды адбываецца ў краіне»

Падпісантам падабаецца вобраз «чалавека з народу».

«Вельмі шмат людзей бачыць у Сяргеі сябе. Няма аніякай сымволікі ды непатрэбнай мішуры. Вельмі своечасовы і крэатыўны падыход», – тлумачыць прыхільнік блогера Яўген.

З ім пагаджаюцца і іншыя падпісанты.

«Чым падабаецца палітыка і падыход Сяргея? Тым, што ён за выкананне Канстытуцыі, за справядлівы суд. За тое, каб мы самі абіралі парламент. За недапушчэнне сямейнага падраду. А вы кагосьці вартага бачыце?» – кажа Вольга.

Падпісчыкі блогера Ціханоўскага.
Фота: belsat.eu

Падпісанты ўпэўненыя, што сваім пераследам улада хоча спыніць Ціханоўскага.

«Ён у сваіх роліках паказвае народу, што сапраўды адбываецца ў краіне ў якой мы жывем. І ўладам гэта не падабаецца, калі паказваюць цёмны бок нашага жыцця. Я вельмі рада, што такі чалавек ёсць у нашай краіне, такія людзі, як ён», – гаворыць адна з падпісантак каналу Марына.

Падпісанты блогера Сяргея Ціханоўскага.
Фота: belsat.eu

Аднак іншыя людзі, якія сутыкаліся з Ціханоўскім па грамадскіх справах, не падзяляюць такога захаплення. Гомельскі актывіст і рэдактар аднаго з найбуйнейшых гарадскіх парталаў «Моцныя навіны» Пётр Кузняцоў распавядае, што напачатку сваёй блогерскай кар’еры Ціханоўскі прапаноўваў сайту камерцыйнае супрацоўніцтва. Рэдакцыя адмовілася, і блогер пачаў канфлікт.

«Ен патрабаваў, каб мы кожны ягоны ролік выстаўлялі ў навіны, пажадана ў галоўныя. Калі мы сказалі, што гэта немагчыма, пачаў абражаць. На тым стасункі скончыліся. Але раней на сваіх старонках некалькі разоў рабілі навіны пра ягоныя ролікі, калі яны былі прысвечаныя сацыяльным праблемам», – тлумачыць Кузняцоў.

Сумнеўная бізнес-рэпутацыя

Ціханоўскі з’яўляўся уладальнікам кампаніі «Компас Прадакшн», якая займаецца вырабам відэаролікаў. У кампаніі нібыта ёсць офіс у Маскве, яны працуюць на расейскі і ўкраінскі рынак.

Аднак сайт кампаніі не працуе. На YouTube ёсць некалькі каналаў, якія могуць належыць ягонай прадакшн-студыі. Яны рабілі ролікі для буйных брэндаў, напрыклад, Сбербанку, Maxwell, IKEA.

Былыя супрацоўнікі вельмі здзіўляюцца палітычным амбіцыям Ціханоўскага – яшчэ пару гадоў таму ён аніяк не выказваўся аб палітыцы.

«Для мяне было вялікім сюрпрызам даведацца, што гэты чалавек пайшоў сабраўся ў палітыку», – кажа адна з былых супрацоўніц «Компас прадакшн».

Паводле яе ў кампаніі быў дзіўны менеджмент. Жонка і свякроў Ціханоўскага працавалі ў кампаніі. Праўда, чым канкрэтна яны там займаюцца не было зразумела. Дзяўчына зазначае, што кліентаў у кампаніі было шмат. Аднак на заробку гэта аніяк не адбівалася.

«Выпрасіць прыбаўку было вельмі складана. Увогуле прыгадваю свой заробак са смехам! Звольнілася я не без пагрозаў сапсаваць мне жыццё. Таму я вельмі слаба веру ў шчырасць і добрыя намеры гэтага чалавека», – распавядае яна.

Аўтадом блогера Сяргея Ціханоўскага.
Фота: belsat.eu

Кузняцоў пацверджвае, што бізнес-рэпутацыя Ціханоўскага ў Гомлі – вельмі сумнеўная.

«Я размаўляў пра яго з ягонымі былымі бізнес-партнёрамі, бо ў Гомлі ў нас шмат кантактаў сярод бізнесоўцаў. Максімальна дыпламатычна можна сказаць так: на грамадскую фігуру [Ціханоўскага] тыя людзі, якія яго ведаюць, глядзяць з вялікім скепсісам», – кажа ён.

Зараз Ціханоўскі бізнесам не займацца. Грошы на развіццё каналу збірае на платформе Ulej. Там блогера падтрымала 205 чалавек. Сабралі агулам Br 4700 – у два разы болей, чым патрабавалася.

Ціск на Ціханоўскага

Блогера арыштавалі 6 траўня ў Магілёве, куды ён збіраўся на сустрэчу з падпісантамі. Раней блогер паведамляў пра пераслед.

Hавiны
Міліцыя затрымала блогера Сяргея Ціханоўскага
2020.05.06 14:28

Пасля на акцыі ў падтрыманне блогера на працягу некалькіх дзён збіраліся прыхільнікі. Усе акцыі былі разагнаныя, а некаторыя паплечнікі – у першую чаргу блогеры Сяргей Пятрухін, Уладзімір Няронскі, і ягоны аператар Арцём затрыманыя. Над актывістамі з розных гарадоў праходзяць суды.

Hавiны
Затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. Зараз ён у берасцейскім ізалятары
2020.05.07 15:51

 

Ягоны кіроўца Андрэй звязвае затрыманне з планамі Сяргея на прэзідэнцкую кампанію. Аднак кажа, што арышт стаў нечаканасцю.

Міліцыя спрабавала сарваць сустрэчу блогера Сяргея Ціханоўскага з падпісчыкамі.
Фота: belsat.eu

«За ім сачылі, але ён не думаў, што будзе затрыманне. За сябе я не баюся, бо не раблю нічога супрацьзаконнага», – кажа кіроўца.

Сяргей Ціханоўскі абвясціў АнтыПарад 9 траўня ў Бабруйску замест традыцыйнага параду да Дня Перамогі. Ён заклікаў выставіць уздоўж вуліцы Менскай свае аўтамабілі з уключаным сігналам аварыйкі і гукавым сігналам, па абодвух баках вуліцы. Прыхільнікі не выключаюць, што цяперашнія затрыманні звязаныя з гэтай акцыяй.

Зараз Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часовага ўтрымання. Магчыма ён адсядзіць 15 содняў — замест зімовага арышту за акцыю супраць інтэграцыю з Расеяй, калі блогера раптоўна выпусцілі на волю. Дата суда над ім пакуль не прызначаная.

Hавiны
Скаардынаваны ціск: спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага
2020.05.08 17:56

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў