Хто страшнейшы за тэрарыстаў?


Нацыянальная выведкі ЗША ў традыцыйнай справаздачы назвала галоўныя пагрозы для бяспекі Злучаных Штатаў. Масква і Пекін усё больш актыўна ўзмацняюць свае пазіцыі на міжнароднай арэне і ў кіберпрасторы. А гэта, паводле экспертаў, пагражае не толькі Вашынгтону і яго хаўруснікам.

Пагрозы для нацыянальнай бяспекі ЗША будуць пашырацца. Пра гэта вядзецца ў першых радках штогадовай справаздачы нацыянальнай выведкі ЗША. У гэтых жа радках называюцца асноўныя крыніцы небяспекі – Расея і Кітай.

«Сфера бяспекі цягам апошніх 15 гадоў значна змянілася. Ранейшыя версіі нашай стратэгіі шмат канцэнтраваліся на праблеме міжнароднага тэрарызму і зброі масавага пашкоджання ў руках тэрарыстаў. І гэта надалей актуальнае. Але цяпер мы маем новыя выклікі», – кажа Рэй Вуйцік з Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (ЗША).

Расея і Кітай імкнуцца дасягнуць тэхналагічнай і вайсковай перавагі над Злучанымі Штатамі, гаворыцца ў дакуменце. Паводле нацыянальнай выведкі, Масква і Пекін спрабуюць уплываць на палітыку і гаспадарку краінаў ува ўсіх рэгіёнах свету. Асабліва на краіны ў сваім рэгіёне.

«Расея працуе над гэтым самая, індывідуальна і рэгіянальна ў Еўропе. Тады як Кітай бачыць сябе як глабальную моц, якая спрабуе замяніць Злучаныя Штаты ў ролі адзінай супердзяржавы на планеце», – дадае амерыканскі эксперт.

Hавiны
Чэхія абвінаваціла ГРУ і ФСБ у кібератаках на МЗС і Мінабароны
2018.12.03 20:15

Згодна з ацэнкаю, кітайска-расейскія адносіны цяпер найлепшыя за доўгі час. Збліжае Расею і Кітай шэраг агульных інтарэсаў, асабліва супраціў гэтак званым заходнім каштоўнасцям, сярод іншага, пашырэнню дэмакратыі. Тым не менш, паводле расейскага вайсковага аглядальніка Паўла Фельгенгаўэра, пакуль нельга казаць пра хаўрус Масквы і Пекіну.

«Расея і Кітай – не хаўруснікі. Яны пра гэта і кажуць увесь час. Але яны робяцца ўсё бліжэйшыя. Нават калі яны будуць нібы хаўруснікі, але кітайцы мяркуюць, што ў іх не будзе ніколі хаўруснікаў, бо ў Кітаю хаўруснікаў наагул не можа быць», – мяркуе Фельгенгаўэр.

Найбольшы непакой ЗША выклікаюць дзеянні Расеі ды Кітаю ў кіберпрасторы. На меркаванне амерыканскай выведкі, Масква распрацоўвае кібератакі, якія могуць нанесці шкоду цывільнаму насельніцтву і вайсковай інфраструктуры ЗША. Вядзецца нават пра тое, што Расея ўжо цяпер мае тэхнічныя здольнасці, каб адключыць амерыканскую сістэму энергазабеспячэння на некалькі гадзінаў.

«Раней самаю страшнаю пагрозай лічыліся, апроч тэрарыстаў, гэтак званыя «кепскія краіны» – Іран, Паўночная Карэя. А цяпер гаворка вядзецца пра сурёзныя дзяржавы, з якімі Амерыка перабывае ў стане ядравага стрымання, але тым не менш магчымыя і канфлікты», – дадае эксперт.

Паводле дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША Дэна Коўтса, Масква паспрабуе паўплываць на прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў наступным годзе. Зрэшты, не толькі ў ЗША. Паводле Коўтса, Расея ўжо выкарыстоўвае кібертэхналогіі для ўмяшання ў выбары прэзідэнта Украіны, якія адбудуцца 31 сакавіка. Гэта пацвярджаюць украінскія аналітыкі.

«Украіна рэгулярна сутыкалася з кібератакамі. Мяркуецца, што з боку Расеі. Гэта былі атакі на нашыя энергетычныя аб’екты. Дарэчы, у нас быў абмен звесткамі, бо было задзейнічанае праграмнае забеспячэнне для гэткіх хакерскіх атак. Аказалася, што гэта актуальна як для ЗША, гэтак і для Украіны», – кажа ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.

Менавіта таму цягам апошніх гадоў Кіеў актыўна абмяжоўвае расейскую прысутнасць у сваёй кіберпрасторы. Шэраг расейскіх парталаў недасяжныя для ўкраінскіх карыстальнікаў.

«Там у чым праблема? Баз звестак. У «Фэйсбуку» у расейцаў няма базаў звестак, а ў «Яндексе», «УКантакце» і ў «Аднакласніках» такія базы ёсць», – падсумоўвае ўкраінскі эксперт.

Паводле беларускага аналітыка Андрэя Паротнікава, Расея будзе ўплываць і на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Сярод асноўных інструментаў эксперты называюць магчымае зʼяўленне прарасейскага кандыдата ды істотны ўплыў расейскіх медыяў, у тым ліку ў сацыяльных сетках.

«Выгадна было б, каб зменшыць гэты ўплыў, якраз як мага ранейшае правядзенне гэтых выбараў, каб Крэмль, які цяпер больш засяроджаны на сітуацыі ва Украіне, ім было б не да Беларусі і яны не паспелі б зрэагаваць», – кажа кіраўнік праекту «Belarus Security Blog».

ВІДЭА
Лукашэнка ўзяўся за інфармацыйную бяспеку. Ён будзе «эфектыўна супрацьстаяць розным каналам і сайтам»
2019.01.31 14:58

Літаральна некалькі тыдняў таму «Фэйсбук» заблакаваў шэраг старонак, звязаных з Расеяй, праз якія ажыццяўляўся ўплыў на сітуацыю ў постсавецкіх краінах. Паводле ацэнкі нацыянальнай выведкі ЗША, Расея сёлета працягне весці інфармацыйную вайну і будзе выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі дзеля дасягнення сваіх мэтаў.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў