Хто прадзіравіў касмічны карабель расейцаў? У «Роскосмоса» новая версія


Амерыканскіх астранаўтаў падазраюць у спробе наўмысна сапсаваць расейскі касмічны карабель «Саюз МС-09», каб як мага хутчэй даставіць на Зямлю аднаго са сваіх калег, які захварэў.

Паводле kommersant.ru, адмысловая камісія дзяржаўнай карпарацыі «Роскосмос» разглядае гэтую версію «у прыярытэтным парадку».

Нагадаем, што 30 жніўня NASA паведаміла, што на Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) спрацаваў датчык, які зафіксаваў уцечку паветра ў адкрыты космас. Экіпажу МКС удалося лакалізаваць месца ўцечкі – 1,5 мм дзірка ў бартавым адсеку расейскага карабля. Яе заклеілі адмысловым герметыкам.

Дзірка ў корпусе «Саюз МС-09».
Фота: NASA

Паводле прыярытэтнай версіі Расеі, амерыканцы прасвідравалі дзірку, каб справакаваць датэрміновую адпраўку карабля на Зямлю праз хваробу аднаго з членаў экіпажа, сцвярджае высокапастаўлены суразмоўца расейскага выдання kommersant.ru. Тэрміновая эвакуацыя экіпажа са станцыі дазволіла б яму працягнуць паўнавартаснае лячэнне, а бытавы адсек, у якім знайшлі дзірку, згарэў бы пры ўваходзе ў атмасферу.

«Роскосмос» упэўнены, што дзірка з’явілася ў космасе, пасля таго як карабель прыстыкаваўся да МКС.

«Наш «Саюз» знаходзіцца каля модуля «Рассвет» – гэта побач за шлюзам у амерыканскую частку станцыі. Доступ на наш карабель магчымы толькі з дазволу нашага камандзіра, але выключаць несанкцыянаваны доступ амерыканцаў мы не можам», – кажа выданню kommersant.ru ананімная крыніца, якая мае дачыненне да працы МКС.

Расейскі касмічны карабель «Саюз МС-09» састыкаваны з Міжнароднай касмічнай станцыяй, на якой знаходзяцца шэсць чалавек: амерыканцы Эндру Фойстэл, Рычард Арнольд і Серына Аўньен-Чэнселор, немец Аляксандр Герст, расейцы Алег Арцемʼеў і Сяргей Пракопʼеў.

«Роскосмос» звярнуўся да NASA з просьбаю прадставіць матэрыялы відэарэгістратараў астранаўтаў (каб атрымаць доказы незаконнага пранікнення амерыканцаў на расейскі карабель) і звесткі аб іхным стане здароўя. Выданне адзначае, што калі версія расейскага боку пацвердзіцца, то гэта будзе «магутны ўдар» па расейска-амерыканскіх дачыненнях у космасе.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў