Заканчваецца набор у школу лідараў «Спеўнага сходу». Некалькі дзясяткаў заявак арганізатары ўжо атрымалі, але ахвотныя навучыцца арганізоўваць людзей для спеваў яшчэ могуць запоўніць анкету на старонцы праекту ў «Фэйсбуку».
«Сёння зробім апошнюю дату, бо хацелася б, больш рэгіёнаў каб далучыліся, бо няма Воршы, Віцебску, іншых гарадоў, таму сёння яшчэ можна падаць заяўку», – зазначыў Сяржук Доўгушаў, лідар «Спеўнага сходу» і вакаліст гурту «Вурай».
Заняткі пачнуцца напрыканцы жніўня, і разлічаныя на некалькі этапаў навучання.
«Мы пазнаёмім людзей увогуле з сістэмай правядзення спеўных сходаў і зробім пробныя спеўныя сходы. Наступны этап – паедзем у тыя гарады, адкуль прыехалі лідары, і там правядзем пробныя сходы. Ну а на будучыню хацелася б выхаваць лідараў, якія маглі б праводзіць сходы самастойна», – дадаў Сяржук.
За чатыры гады існавання ініцыятыва правяла дзясяткі мерапрыемстваў. Арганізатары школы лідараў плануюць, што пасля падрыхтоўкі вядоўцаў свае спеўныя сходы пачнуць ладзіцца не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах Беларусі.
Марыя Арцыбашава, «Белсат», фота: vk.com/speunyshod