Хто і чаму блакуе Лукашэнку ў Еўразвязе?




Надзвычай актыўны з палітычнага гледзішча тыдзень выдаўся ў афіцыйнага Менску. Упершыню ўслых заявілі пра тое, што вядуцца размовы аб вяртанні амбасадараў з ЗША, прыязджаў міністр з Еўропы, шэф турэцкага Міністэрства абароны, прызначылі новых амбасадараў у заходнія краіны. Усё гэта – на фоне зʼедлівых заўваг з Масквы і няспынных заклікаў да большае інтэграцыі.

У панядзелак міністр замежных справаў нашай краіны прызнаў, што размовы аб вяртанні амбасадараў Беларусі і ЗША вядуцца. Абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у нашай краіне знялі раней. І ўжо на наступны дзень быў вызвалены з пасады прадстаўнік нашай краіны ў Францыі – адзін з найбольш вядомых дыпламатычных работнікаў, Павал Латушка. Прычына, відавочна, не ў незадаволенні ягонаю працаю.

«Гэта проста нейкая бязглуздзіца! Навошта накручваць гэтую атамную станцыю? Мы яе ўсё адно збудуем. Гэта ў нашых інтарэсах. Калі Літва хоча, каб гэта было і ў іхных інтарэсах, то давайце ж разам працаваць з АЭС», – абураўся Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне Астравецкай АЭС – адзінае, што перашкаджае афіцыйнаму Менску выправіць дачыненні з усходнім суседам. У Вільні і чуць не хочуць пра нейкую супрацу.

«Тут цяжка змяніць пазіцыю, паколькі з самога пачатку будаўніцтва вядзецца з парушэннямі нормаў бяспекі. Гэта вельмі адчувальны абʼект. Гэта ж атамная станцыя. Таму нашая ацэнка застаецца такой жа», – кажа міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

І гэта праблема не толькі на лініі Менск – Вільня. Адсутнасць кансэнсусу ў справе АЭС перашкаджае наладзіць дачыненні з усёй Еўропаю.

«Беларусь мае пэўны ўзровень даверу з усімі асноўнымі гульцамі Еўразвязу, але ведаем: ёсць адна краіна, Літва, якая сёння блакуе ўвесь прагрэс адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам», – адзначае дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі.

Паколькі істотныя рашэнні Абʼяднаная Еўропа прымае паводле прынцыпу ўсеагульнага кансэнсусу, абураная беларускай АЭС Літва можа ствараць Менску сурʼёзныя перашкоды. Калі з Вільняй камень сутыкнення – гэта АЭС, то з Варшаваю – непрызнаваны ўладамі Беларусі Саюз палякаў.

«Мы адчуваем ціск з боку ўлады, а гэта перадусім – дзеці, якім улады забараняюць браць удзел вось у такіх ялінках, дзе дзеці могуць расказаць вершык на польскай мове, заспяваць песню, атрымаць падарунак ад святога Мікалая», – распавядае старшыня непрызнанага Саюзу палякаў Анджэліка Борыс.

Толькі на мінулым тыдні нягледзячы на прысутнасць амбасадара Польшчы, Саюз палякаў быў вымушаны ў апошні момант шукаць новае месца для дзіцячай імпрэзы ў сталіцы. Тым часам з нашых крыніцаў, прыбліжаных да польскага МЗС, мы ведаем, што амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авярʼянаў ужо рыхтуецца вярнуцца на радзіму. Ці не заменіць яго Павел Латушка, які ўжо быў прадстаўніком Беларусі ў Польшчы? Пасля Парыжу дыпламату шлях хутчэй у Вашынгтон, але да вяртання амбасадара Беларусі ў ЗША яшчэ далёка.

«Каб зараз Беларусь і Злучаныя Штаты абмяняліся амбасадарамі, кангрэс павінен пачаць працэдуру перагляду палітычных санкцыяў – гэта так званы акт аб дэмакратыі ў Беларусі», – тлумачыць Сівіцкі.

Амерыканскія санкцыі супраць Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў, а таксама шэрагу прадпрыемстваў дзейнічаюць з прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. у Беларусі.

Перад выбарамі ж украінскімі ціха і непрыкметна прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Віктарам Медведчуком, якога ва Украіне клічуць «кумам Пуціна». Беларускі лідар прасіў госця падзяліцца таямніцамі ўнутрыпалітычнай кухні.

«І з гледзішча нашых далейшых паводзінаў нам важна вашая інфармацыя. Я б сказаў, што вы павінныя мяне зарыентаваць у гэтай сітуацыі. Для мяне гэтая сустрэча вельмі істотная», – казаў Лукашэнка.

Афіцыйна гаворка вялася пра мір на Данбасе, але мала хто з адмыслоўцаў верыць, што гэта было прычынаю сустрэчы.

«Лукашэнка лагічна будзе патрабаваць або паставак кантрабанднай сырой нафты праз структуры Медведчука, або другі варыянт (і гэта цалкам магчыма): удзел у нафтавым бізнесе жонкі Медведчука Аксаны Марчанкі», – мяркуе эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Тым часам Расея працягвае жадаць больш блізкай інтэграцыі. Так, міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што поўнае абʼяднанне Маскве не патрэбнае, маўляў, хопіць пакуль і агульнае валюты. А расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч аргументаваў неабходнасць інтэграцыі ў супольную дзяржаву тым, што… у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. На такім фоне любыя кантакты Лукашэнкі з заходнімі палітыкамі, як хоць бы з тым жа кіраўніком вугорскай дыпламатыі, успрымаюцца ў піку Маскве.

«Гэта з аднаго боку такая «Масква ў галаве», дзе ўсё, што ні адбываецца, інтэрпрэтуецца «а як жа Расея на гэта паглядзіць?». Гэта проста дэманстрацыя вялікай залежнасці беларускай думкі і падыходу да асэнсавання пазіцыяў», – лічыць дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

А з іншага боку, Менск застаецца адзіным хаўруснікам Крамля на захад ад Смаленску, і на любы крок Беларусі ў Маскве рэагуюць надзвычай нервова. Расейскія СМІ і палітыкі могуць абурыцца літаральна з усяго: ад афіцыйных святаў вышыванкі да беларускага абмежаванага бязвізу. Калі ж паглядзець на рэчы цвяроза…

«Ніякага руху Беларусі на Захад няма, а глыбіня ўзаемадзеяння паміж ЕЗ і Расеяй, калі мы глядзім на дамоўны бок, нават зараз значна глыбейшая, чымся з Беларуссю. Вось гэтае бачанне расейскімі вачыма – трэба проста выкінуць гэтую Маскву з галавы», – адзначае Ягораў.

Бо ўжо каторы год мы кажам пра пацяпленне стасункаў з Захадам, а па выніку дайшлі да таго, што пакуль Менск запрашае амерыканскіх амбасадараў, Масква кажа пра поўную інтэграцыю. Для Лукашэнкі і рэальны разварот на Захад, і абʼяднанне з Расеяй скончыцца ў даўжэйшай перспектыве адным: стратай улады. Іншая справа, што для нашай краіны гэта зусім розныя сцэнары.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Стужка навінаў