«Хлор уперамешку з фекаліямі». У некаторых раёнах Менску праблемы з вадою


Раніцай 24 чэрвеня жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёну сталіцы пачалі скардзіцца на рэзкі водар вады з-пад крана. Вада вельмі рэзка пахне ёдам, і яе немагчыма піць. Што там адбываецца зараз?

Рэчы смярдзяць ёдам

Жыхарка вуліцы Шаранговіча Ганна а 10 раніцы пайшла ўмывацца і адчула, што вада не такая, як звычайна: рэзка пахла ёдам, нават крыху драпала горла.

Ганна, жыхарка вул. Шаранговіча.
Фота: архіў гераіні

«Нагадвала марскую ваду. Але я вырашыла, што не выспалася і мне падалося», – тлумачыць дзяўчына.

Яна вырашыла папраць свае рэчы – гэта стала вялікай памылкаю.

«Вопратка зараз жудасна смярдзіць ёдам. Я яе павесіла сушыцца на гаўбец, але не дапамагае – усё роўна рэзка пахне», – наракае Ганна.

Улады ўсталявалі адмысловыя цыстэрны з вадою.
Фота: belsat.eu

Лізавета, іншая жыхарка сталічнага мікрарёну Сухарава, кажа, што яна нават прачнулася з-за непрыемнага водару.

«Я пабачыла ў Instagram, што ў Сухарава папярэджваюць аб смуроднай вадзе. Пайшла спраўдзіць. Жудасна, не апісаць словамі» Халодная вада яшчэ неяк цярпіма, але цёплая… Смурод хлору ўперамешку з фекаліямі».

З такой жа праблемаю сутыкнуліся і жыхары мікрараёну Малінаўка. Мясцовы жыхар Сяргей кажа, што ў ягоным доме таксама вельмі моцна смярдзіць.

«Гэты смурод пачаўся раніцаю. Я нават чуў ад суседзяў, што ў іх былі жоўтымі рукі, калі яны памылі посуд», – гаворыць ён.

Сяргей кажа, што знаёмыя з адміністрацыі Маскоўскага распавялі, што ў ваду адбылася ўцечка аміяку. Гэтую ж інфармацыю пацвярджае і Лізавета. Такая версія абмяркоўвалася ў лакальных чатах.

У шпіталі нібыта прывозяць людзей з апёкамі

Людзі працягваюць скардзіцца на непрыемны пах і прысмак водаправоднай вады ў сталічных раёнах – Маскоўскім і Фрунзенскім. Людзі самастойна правялі тэставыя пробы пітной вады з дапамогай фільтру для акварыумаў. Вынік паказаў, што хоць і невялікая, але наяўнасць небяспечнага рэчыва ёсць.

Жыхарка раёну Каменная горка правяла тэст, які паказаў колькасць аміяку ў вадзе.
Фота: архіў гераіні

Telegram-каналы пішуць, што чэргі за чыстай вадой утвараюцца не толькі ў жылых кварталах, але і ў Гарадскім клінічным радзільным доме № 2, што знаходзіцца па вуліцы Бялінскага.

У Telegram-канале «Работаем с Пушкиным на 97%» паведамляецца, што пацыенткі з крывацёкам не маюць магчымасці памыцца і пра жудасны смурод. Медычны персанал набірае чыстую ваду ва ўсе свабодныя ёмкасці.

Афіцыйна Мінздароўя абвяргае інфармацыю пра паступленне ў сталічныя больніцы людзей з апёкамі вачэй ці атручваннямі парамі аміяку. У даведачнай службе Гарадской клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі Belsat.eu пацвердзілі, што да іх звяртаюцца са скаргамі пагаршэнне якасці вады, але ці ёсць шпіталізаваныя ўдакладніць не змаглі.

«Апёкаў няма, але скаргі паступаюць з Малінаўкі і Сухарава. Лепей бяры фільтраваную ваду, рукі і посуд мый ёй жа», – параіла дыспетчарка даведачнай службы па тэлефоне ў прыватнай размове відавочна камусьці са сваіх знаёмых.

Спраўдзіць інфармацыю пра шпіталізацыю людзей не атрымалася ні ў галоўнага доктара больніцы, ні ў загадчыкаў прыёмнага і таксікалагічнага аддзяленняў праз сканчэнне працоўнага дня.

Якасць вады цалкам адпавядае санітарным нормам

У Telegram-канале Менгарвыканкаму з’явілася тлумачэнне праблемам з вадою. Чыноўнікі паабяцалі вырашыць праблему да канца дня. Яны адзначылі, што над рашэннем праблемы максімальна задзейнічаныя сілы «Менскводаправоду».

А пакуль ідуць працы, у Менск арганізавалі падвоз вады да 27 кропак.

Чэргі па ваду ў Менску. Фота: belsat.eu

Нараканні на якасць вады ў Менгарвыканкаме абвяргаюць, і зазначаюць, што пробы вады паказалі, што толькі паказнік па водару знаходзіцца ў верхняй дапушчальнай мяжы. Астатнія характарыстыкі якасці вады цалкам адпавядаюць патрабаванням санітарных нормаў.

«Моцны водар на ачышчальнай водаправоднай станцыі, якая падае ваду ў Маскоўскі і Фрунзенскі раёны звязаныя з высокімі тэмпературамі, якія ўсталяваліся ў апошнія дні. Разлічваем, што ў бліжэйшы час водар будзе лакалізаваны, а да канца дня спажыўцы атрымаюць ваду без водару», – зазначыў кіраўнік вытворчасці «Менскводправоду» Антось Галаскок.

Дырэктар «Менскводаканалу» Алег Аўруцін сказаў, што з ачышчальнай станцыяй вада ўжо паступае без смуроду. Аднак каб сітуацыя хутка мусіць зменіцца.

«Жыхары раёнаў, якія сутыкнуліся з праблемай першымі, адзначаюць, што вада ўжо пахне не так рэзка. Мы працягваем працаваць над ліквідацыяй праблемы і маніторым сітуацыю», – сказаў ён.

Прадстаўнікі гарачай лініі жыллёва-камунальных паслугаў адмовілася ў каментары. Санстанцыя параіла напісаць запыт на імя галоўнага лекара. Датэлефанавацца да «Менскводаканалу» нашым журналістам таксама не ўдалося.

Ксенія Тарасевіч, Хрысціна Чарняўская, belsat.eu

Стужка навінаў