«Халоп». Масковію такім чынам не выправіш!

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Перад новым годам беларускі кінапракат захоплены расейскім прадуктам. Галоўная сезонная прэм’ера ў чарговы раз пераказвае гісторыю дзекабрыстаў. Паводле Аляксандра Няўзорава, «Саюз выратавання» – гэта «пафасны фільм аб тым, як не трэба рабіць рэвалюцыю».

Фота: Film.ru

Затое другая галоўная прэмʼера прэтэндуе зрабіцца каляднай казкай. «Халоп» – фільм расейскага рэжысёра Кліма Шыпенка, які вучыўся сваёй прафесіі ў Амерыцы. Ужо гэта выклікае надзею, што фільм не апынецца звычайным масфільмаўскім смеццем.

Кадр з фільму. Фота: Film.ru

Адмоўная рэцэнзія

Стандартны маскоўскі мажор (сын алігарха) хаміць і здзекуецца з дзяўчат, задзіраецца з усімі, а паліцэйскіх проста ігнаруе. Нават збівае сваёй шыкоўнай тачкай афіцэра. Ледзь не на смерць. Бацька выцягвае сынка з усёй калатнечы, абсыпае паліцэйскія ўчасткі хабарамі і нават будуе для сілавікоў нейкія раскошныя месцы адпачынку.

Колькі вяровачка ня вейся, а канец… Сынок вінаваціць тату ва ўсіх сваіх «праблемах». Татка (актор Аляксандр Самойленка) – слабахарактарны алігарх, выглядае нібы экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Ён бяжыць да палюбоўніцы на тэлебачанне па параду. Тая ўспамінае пра былога мужа, які займаецца рызыкоўнымі праектамі. Разам яны прыдумляюць «машыну часу». З дапамогай вялізнага кіназдымачнага калектыву яны адпраўляюцца ў глыбокую правінцыю і будуюць там вёску з панскай сядзібай у стылі XIX стагоддзя. Сынок, адпраўлены туды ў несвядомым стане, прачынаецца і аказваецца… ў ролі халопа. Трупа пераконвае яго, што ў Расеі пануе Аляксандр II, а на двары 1860 год.

Кадр з фільму. Фота: Film.ru

Часта па ходзе развіцця сюжэту захлынаюць успаміны пра знакамітую рэпліку: «Цок-цок, конікі па-ранейшаму стукаюць падкоўкамі па бруку. Усё добра. Зараз у нас 1905 год». Гэта словы з фільма Люі дэ Фюнэса «Замарожаны». Там для пацыента, які праляжаў 70 гадоў у лёдзе і ачуняў у сучаснасці, у цэнтры Парыжа перарабілі пару кварталаў у стылістыцы «пачатак мінулага стагоддзя». А ў «Халопах» гэты ж сцэнарны прыём рэалізавалі ў прыгоннай вёсцы 1860-га.

Станоўчая рэцэнзія

Тут трэба падкрэсліць, што роля мажору Грышы, які стаў халопам, больш чым «годна» выконвае сербскі актор Мілаш Бікавіч. Ён практычна «прапісаўся» у Расеі, і гэты ўдзел у мясцовым кіно ў яго далёка не першы. Кажуць, што Мілашу па плячах апынулася і роля знакамітага савецкага спевака Магамаева ў аднайменным серыяле.

Кадр з фільму. Фота: Film.ru

Падбор актораў у фільме вока не рэжа. Усё на сваім месцы: прыгонныя сяляне, памешчык, злы сын памешчыка, які паводле сцэнара капіюе агідныя паводзіны мажору, кіраўнік, які лупіць героя пугай, распусная панская дачка і свежая гераіня, у якую наш халоп закахаўся. Паўсюль умантаваныя схаваныя камеры. Цэнтр кіравання шоу замаскірованы пад хату на ўскраіне вёскі. Сцэнар шоу і сюжэты складаюць у жывым эфіры, усё з мэтай перавыхавання мажору Грышы.

Сюжэт фільма заведама выйгрышны. Яго маглі б сапсаваць дурныя рэплікі. Або спроба павучання. У «халопы» усяго гэтага няма. Затое ёсць шэраг недарэчных выпадковасцяў, якія могуць выдаць мажору, што ў ніякае XIX стагоддзе яго не пераносіла. Натуральна, што выпадковасці смешаць гледача і не дазваляюць яму разгрупаваць увагу.

На здымках. Фота: Film.ru

У рэшце рэшт камедыя становіцца эксцэнтрычнай, на сцэну выскокваюць нават татара-манголы і патрабуюць даніну. Іх у XIX стагоддзі не магло быць. Проста насельніцтва цяперашняй Расеі загразла ў элементарнай непісьменнасці. Напалеон, манголы, прыгоннае права – якая розніца? Затое фільм становіцца сапраўднай Каляднай гісторыяй, калі, як у казцы, на экране перамагае каханне і згода.

Вердыкт: 7 з 10

Натуральна, ніякіх рускіх алігархаў або іх шкодных дзетак гэтым фільмам ня перавыхаваеш. Яны наўрад ці будуць глядзець «Халопа». Затое гэтая камедыя, быццам апошні клапан, прызначаная выпусціць незадаволенасць інтэлігенцыі цяперашнім станам спраў у краіне. Пасмяяліся, парадаваліся за герояў, паспагадалі алігархам і разышліся па хатах Вярнуліся да звычайнага жыцця. Пачалі рыхтавацца да навагодніх святаў.

Мая ацэнка – 7 з 10.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў