«Хадзіць стала лягчэй». Жыхар Берасця, якому дапамог Белсат, адчувае сябе добра


Жыхар Берасця Вадзім Цяраеў, якому Белсат дапамог знайсці новы дом, адзначыў сваё 50-годзе і перадае ўсім прывітанне.

Пра гэта журналістка Ганна Галёта паведаміла ў сваім Фэйсбуку:

«Герой праграмы «Кожны з нас» Вадзім Цяраеў, які наўпрост накіраваўся ў прытулак для бяздомных да брата Луіджа ў Аляксандраўку, перадае ўсім вялізарнае прывітанне! Яму там падабаецца! Кажа, што сумуе па Берасце, але на вуліцу больш не пойдзе. За месяц, што ён жыве ў прытулку, аднавіўся, адчувае сябе добра, ногі не баляць, хадзіць стала лягчэй»

Цяраеў пражыў на вуліцы 17 год. У Берасці падкормлівалі жыхары шматпавярховіка, побач з якім ён спаў на вуліцы апошнія 10 год. Праз тое ж, што ў маразы Вадзім спаў пад голым небам, ён адмарозіў пальцы, якія давялося ампутаваць.

Неабыякавыя берасцейцы нават званілі на тэлефонную лінію са старшынём аблвыканкама Анатолем Лісам. Але ў яго да вырашэння праблемы рукі гэтак і не дайшлі. Новы дом Вадзіму знайшлі аўтары ток-шоу «Кожны з нас» – падчас эфіру.

Стужка навінаў